Перайсці да зместу

З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка (1936)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Пачаткі
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
II. У Гарадзкой школе й Духоўнай Сэмінарыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I.
Пачаткі.

Казімер Сваяк - беларускі паэт і дзяяч - займае ў беларускім адраджэнскім жыцьці сусім арыгінальнае, асобнае месца. Ужо толькі дзеля гэтага варта беларускаму грамадзянству і народу бліжэй з ім знацца. Да таго-ж сёлета 6. V. мінула роўна 10 гадоў ад яго сьмерці, а ў архіве знаходзяцца дагэтуль нявыкарыстаныя аб ім весткі, асабліва ў яго "Хроніцы Хаўрусу". Вось - жа гэтыя жалобныя ўгодкі няхай паслужаць нам нагодай бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём і дзейнасьцяй Казімера Сваяка.

Казімер Сваяк — гэта літаратурная мянюшка. Праўдзівае яго прозьвішча Кастусь Стэповіч. Радзіўся ён 19 лютага 1890 году ў вёсцы Барані, Сьвянцянскага пав. Сын сялян паўвалочнікаў. Да 1900 году жыў пры бацькох, памагаючы ім у гаспадарцы, як пастушок. Некаторы час бацькі яго жылі ў вадным засьценку, як арэндатары. Як Барані, так і той засьценак, знаходзіліся ў глухім лесе. Лес, сваей красой і таёмнасьцяй, і так ад прыроды ўражлівую душу будучага паэта, настрайваў і вырабляў на мастацкі, філёзофічны і містычны лад. Да далейшага развою душы яго ў гэтым-жа кірунку спрыяла яго бабка і стары пастух Марцін, якія расказвалі яму беларускія казкі і пяялі такія-ж песьні. У гэтым часе Казімер Сваяк скончыў расейскую пачаткавую школу.

Час свайго раньняга дзяцінства ўспамінае Сваяк пасьля з тугой і расчуленьнем:

"Далёка ты, родная старонка, ад мяне...

На крыльлях хмарных ляціць мысьль мая туды, дзе я ўбачыў сьвет, дзе айцец мой дарагі, дзе маці мілая, дзе сястрыца родная. Родзяцца во думкі: то сьветлыя, як вясеннае сонца над роднаю вёскай, то сумныя, як тая ночка цёмная, сьлязьлівая, восенная...

Прад вачамі стаіць уся прошласьць, што мінула як блыскі сьвятла, на векі згаснутага... Ня вернецца ніколі... Штодзень, што-момант далучаецца да яе новая хваля і... прападае вечна. Ах, шчасьлівы той, што збудаваў сабе стройную, горную мінуўшчыну... Чаму я неспакойны, чаму бязвольны?!..

Дарагі! Сабяры сілы духа... Стаў прад сабой усё, што прайшло... Будуй новае, што-раз высшае жыцьцё!..

* * *

Шуміць цёмны лес навокал Гаруноў, малой вёскі беларускае. Кругом ні жывой душы. Зрэдка толькі адзавецца зьвяга сабак вясковых, што чуюць ваўкоў. Людцы сьпяць адны, другія кончаць вячэру. У хаце апошняй, пры самым лесе, мігціць праз акно агоньчык.

Дзеткі акружылі навокал бабулю і слухаюць пільна казкі. Усе ўжо расходзяцца спаць. Ім толькі не да сну, бо якраз байка ідзець аб самым цікаўным: „Крыся абярнулася ў вадзянку і жывець у азярку. Што-дзень чуе яна голас жалосны з берагу - крыся, Крыся, маладзян плачыць... Што-дзень адзываецца яна з жвіраватага дна. Іду бягу, раса вочкі залівае, жвірок ножкі падбівае"...

Слухалі дзеткі казкі-песьні. Аж заміралі з ахвоты даведацца, чым гэта кончылася, аж блішчэлі іх вочы. І ў ночы пасьля пяялі яны ціхутка праз сон: „Крыся Крыся! Іду - бягу"... Шчасьлівае дзяцінства! Якжа яно Жыва запісалася у маей памяці! Няма ужо тэй бабулі. Зьмяніла яе новае пакаленьне. Забыліся аб ёй чуць ня ўсе. Ах, вечны табе спакой, родная! Прыдзі хоць у сьне йшчэ да мяне...

 ·

Помню ноч. Сям'я наша тады была падзелена. Часьць жыла ў Гарунох, а часьць у глухім засьценку Загінца. У засьценку жыла старушка, брат і я. Брат пасьвіў. Прыгналі раз дамоў. Прышла жывёла— брата ня было: прапаў недзе. Бабуля ня спала і плакала поўна неспакою. Лес быў кругом вялікі, з балотамі, гушчарамі, хмызьнякамі. Вадзілася многа ваўкоў. Што-ноч чуваць было іх завываньне; навадзіла яно і адважнаму дрыжачку на плечы... Цёмна. Поўнач. Алеся няма...

Найсьвята Матка да касьцёла хадзіла,
Сваё дзіцятка за ручку вадзіла"

мовіла бабуля свае пацеры голасам плачлівым і безнадзейным. Мне было страшна. Утуліўся глыбока, закрыў вочы і вушы і... заснуў здаровым дзіцячым сном. Назаўтра з зарой брат вярнуўся. Начаваў пры агні ў лесе, не баючыся ні ваўкоў, ні благіх людзей...

Незваротны час! Якжа я тады блізкі быў прыроды, як зжыўся з шаптуномборам, з зялёным гаем, кветным лугам! Быць любіў і пад навальніцай громам і пад гарачым сонцам і на балючым марозе. Якое здароўе біла з майго твару!.. А цяпер!..

 ·

Цэлую ноч гудзела мяцеліца, гонячы сыпкі сьнег і насыпаючы гурбы. Цяжка дзеткам ісьці ў школку, завеена дарога няблізкая, а і мароз шчыпае вушы. Але мы у поце, з румянымі тварамі бяжом праз насыпы, лезем праз гурбы — сьмешна неяк і лёгка. Радасная пара! Як доўга помніцца верш, навучаны на памяць! Як доўга стаіць у вачах вучыцель суровы, што мерыў злосна ўдары лінейкай "бяздай прычыны!" У імгле мінуўшчыны ён здаецца лепшым і болей людзкім. Мімавольна забываесься, што ён быў п'яніца горкі і маскаль наравісты... А які вясёлы быў паварот з школы! Далёка сьлізгаліся па гладзенькім лядку; прыжмурыўшы адно вочка, паказвалі язык дзяўчынкам, чапалі шалуцькавата кожнага сустрэчнага, празывалі і сьмяяліся з боўдзелаў і злых сяброў. Дзе ж было дзець тую жывасць і энэргію дзіцячую, што як ручай рвалася разьліцца? Напрасна хацелі судзяржаць нас старшыя, называючы "распусьнікамі"... Мы сваё права мелі..."[1]


  1. Каз. Сваяк - Дзея маей мысьлі, сэрца і волі. Вільня, 1932 г., бач. 3-5.