З Беларуска-Літоўскай мінуўшчыны
З Беларуска-Літоўскай мінуўшчыны Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1922 Крыніца: Часопіс «Беларускі Сьцяг», № 4, жнівень-верасень 1922 г., б. 24-28 |
З Беларуска-Літоўскай мінуўшчыны.
Беларускія землі ў пэрыод еднаньня іх з Літвой (XII ст.) вызначаліся незвычайна буйным развіцьцем дэмакратычнага ладу і агранічэньнем да мінімума княжага аўтарытэту. Запраўдным сувэрэнным гаспадаром зямлі было веча; старэйшыя вядомасьці аб якім знайходзім пад 1176 годам (Лавр. лет.), дзе сказана, што Полацак „адпачатку“ спраўляўся вечам.
Веча выбірала князя, веча і „паказывала яму пуць“ (выганяла яго). Князь мог княжыць толькі са згоды веча. Полацкі князь жыў нават ня ў Полацку, а каля Полацка ў Бельчыцах, дзе жыла і яго дружына. У самы Полацак князі прыезджалі толькі на запрашэньне веча, або за сваімі прыватнымі справамі. Пад 1159 годам летапісь апаведае: „і пачалі палачане зваць Расьціслава лесьцю на братчыну да Св. Багародзіцы старой на Пятроў дзень, каб злавіць яго, ён-жа едучы апрануўся у броню пад вопратку і не адважыліся на яго памкнуцца. На заўтрый дзень пачалі яго вабіць ізноў да сябе кажучы: княжэ, прыедзь к нам у горад, ёсьць нам з табою мова“. Далей летапісь апаведае, што князь, папярэджаны дзецкім аб вечы ў горадае і думцы схапіць яго, вярнуўся назад і сабраўшыся з дружынай ў Бельчыцах, адтуль пайшоў палком (вайной), грабячы і разьбіваючы, да брата Валадара ў Менскі.
Знача, князь ня мог і думаць аб спраціўленьні вечу і так слабы́ быў са сваей дружынай супроць волі веча, што даведаўшыся аб непрыхільных замыслах супроць яго, пасьпяшыў сабраць дружыну і ўцячы з Полацка.
Полацкае веча ў сфэры міжнароднай палітыкі выступае паміма сваіх князёў. Гэтак у 1198 гаду, калі полацкія землі былі разгромлены Рурыкавічамі пад верхаводзтвам кіеўскага князя Мсьціслава Валадзіміравіча, полацкае веча выступае як прэдстаўнік дзяржавы і, паміма сваіх князёў, вядзе безпасярэдныя перэгаворы і робіць умову з Мсьціславам. Гэта самае паўтараецца ў 1186 гаду пры нападзе на Полацак Давіда Смаленскага і Мсьціслава Ноўгародзкага. Палачане, так сама, паміма князя, ўступаюць у перагаворы. У летапісі сказана: „полачане, здумаўшы (абмяркаваўшы) сказалі: ня можам мы стаць супроць наўгародцаў і смаленцаў; або пусьцім іх у зямлю сваю, або зробім мір з імі“. Калі пусьцім іх у зямлю—многа нам зла ўчыняць, папустошаць зямлю ідучы да нас, пойдзем да іх на сумежжа. І сабраўшыся ўсе, пайшлі да іх і сустрэлі па межах з паклонам і чэсьцю і далі ім дары многі. І аддаліліся і разыйшліся ў староны свае кожды з іх“. (Лавр. Лет. стр. 170).
Усе дзяржаўныя полацкія граматы пісаліся ад імені веча, г. зн. ад імені ўсіх станаў грамадзянства, напрыклад: „Паном прыяцелям і суседам нашым: пану войту і бурмістрам і радцам і мешчанам і ўсяму паспольству Рыжскага места, наша прыязьнь ад баяр полацкіх і ад мешчан і ад усяго паспольства Полацкага места“. (Руск. Лив. акт. № 164-1476 г.). Форма грамат заўсёды аднальковая, векамі выпрацаваная і адшліфаваная, напрыклад:
„Мы, мужы, палачане даем ведаць, хто сію грамату узрыць, або чтучы услышыць нынешнім і на патом будучым людзям“… (Умова між Полацкам і Рыгай? 1407 г.) Або у грамаце 1330 году бачым такі пачатак: „Тако хочам мы баяры, гаражане, мешчане і ўсё паспольства зямлі полацкае“… Тут не спамінаецца аб ніякіх ўладах: „мы, мужы палачане“ — і больш нікога, ніякіх дастойнікаў.
Хто-ж былі тыя самаўладныя, „мужы палачане“ гаварыўшыя ад імені баяр, мешчан і ўсяго паспольства?
З грамат відаць парадак старшэнства між гэных мужоў: сперша пісалі ў граматах „баяры“, пасьля „мешчане"“ і ў рэшце „ўсё паспольства“.
Баяры (стараславянскае „болій“, што значэ вялікшы, старшы) былі прэдстаўнікамі мейсцовай земшчыны. Гэта не былі прэдстаўнікі княжай дружыны, каторыя зьяўляліся наёмнай выканаўчай ўладай і наёмнай, хутчэй паліцэйскай, чым вайсковай, аружнай сілай; яны, як чужынцы, наёмнікі, не маглі і не ўхадзілі ў склад сувэрэннага дзяржаўнага органу. Гэта не былі такжа і прэдстаўнікі вялікага зямлеўласьніцтва, як мыльна даводзяць некаторыя гісторыкі, а быў гэта земскі вайсковы стан, у склад якога ўходзілі і мелі права ўходзіць „ратайскія сыны“, нараўне з „папоўскімі ўнукамі“ і патомнымі дзяцьмі баярскімі.
Баяры дзяліліся, як відаць з пазьнейшых данных, на „путных“ і „панцырных“. Кожды баярын даставаў ад дзяржавы дзьве валокі зямлі. Панцырны баярын карыстаўся зямлёй за сваю вайсковую чынную службу без ніякіх падаткаў; путны баярын служыць дзяржаве „паслухмянствам“ і, — ў пачатках XVI ст.,— плоціць у скарб капу грошэй падатку. „А калі па гаспадарскаму загаду паедзе ў дарогу то той год нічога ня плаціць“. (Статут 1529 г.), Землі баярскія называліся „вотчынамі“ і пераходзілі з бацькоў на дзяцей: яны маглі гэтымі землямі разпараджацца як поўнай сваей ўласнасьцю — дарыць, прадаваць — з адным варункам, што той, хто сядзе на гэнай зямле, павінен выпаўняць тую-ж самую службу, як і яе папярэдні гаспадар, ў стасунку да дзяржавы. З гэтай прычыны дзяленьне зямель і прадажа часьцямі найчасьцей не дапускаліся. Дзякуючы гэтаму ў Беларусі яшчэ ў XVI ст. саўсім не было вялікай зямельнай ўласнасьці. Полацкая рэвізія 1552 году ведае 118 баярскіх маетнасьцей з якіх ішло 323 ваяўнікоў. Адна толькі фамілія Корсакаў была стасункова багацейшай: давала на вайну 38 коней/ Рэшта баяраў давала перэважна ад аднаго да двох конных ваякаў. У Вітэбскай зямлі была яшчэ меньшая зямельная ўласнасьць: самы багаты баярын выстаўляе толькі 9 коней, а рэшта—блізка ўсе баяры—служаць адным канём. Гэткія самыя данныя маюцца аб Мсьціслаўскіх баярах, і тыя самыя вывады можна зрабіць аб усіх іншых беларускіх землях.
Вось якога стану былі, „мужы палачане“ ад баяраў.
Другі стан станавілі мешчане. Гэтая апошняя катэгорыя рэкрутавалася з гарадзкіх жыхароў — купцоў і „агнішчан“ г. зн. людзей, якія мелі сваё ўласнае „вогнішча“, або, іначай, дом ў горадзе.
Трэйці кляс — „ўсё паспольства“ — складалася з прэдстаўнікоў ад „цяглых“ і „чорных“ людзей. Пад цяглымі людзьмі разумеліся селяне сідзячыя, як і баяры, на дзяржаўных землях.
Цягло было ўзложана на зямлю і селянін да палавіны XVI сталецьця меў права вольна разпараджацца зямлёй, абы толькі ляжачыя на зямлі павіннасьці выпаўняліся акуратна. Падобна як баяры і мешчане, селяне карысталіся становай самаўпраўнай капой. Копная кругаколіца мела сваіх выбарных старшын, свой становы суд і сваю селянскую адміністрацыю для зносін з прэдстаўнікамі ураду і другіх станаў. Копныя суды судзілі па абычаёваму праву; вынесены прысуд саміж судзьдзі выконвалі над засуджаным.
Да „чорных людзей“ у местох залічаліся: а) таргоўцы не запісаныя ў купецкую сябрыну; б) рэмесьнікі (залатыры, сядзельнікі, купцы, сырамятнікі, шаўцы, ганчары, півавары, цесьляры, каладзеі, а па аднэй грамаце—і скамарохі); в) чорнарабочыя, калі яны мелі дом на грамадзкай зямле і выпаўнялі дзяржаўныя павіннасьці. Чорныя людзі, як і купцы былі сарганізаваны ў сябрыны, мелі свой суд і сваіх выбарных старшын.
Ніводнае веча не магло быць праўным без узаконеных прэдстаўнікоў гэтых чатырох грамадзкіх станаў. У устаўной грамаце, дадзенай Полацку ў 1456 гаду, сказана: „а сымалісь-бы (зьбіраліся на веча) ўсе пасполу, на том мейсцы, дзе перад тым сымаліся здаўна; а без баяр мешчанам і чэрні соймаў не нада чыніці; а справы бы свае згодна пасполу спраўлялі па даўнаму“. Без прэдстаўнікоў каторага-бы то нібыло стану, вечэ не магло адбыцца і нават выдаткі з дзяржаўнай кассы былі немагчымы без удзелу і згоды ўсіх станаў, бо прэдстаўнікі чатырох станаў мелі, кажды ў сябе, па аднаму з чатырох ключоў ад дзяржаўнага скарбу.
Уход беларускіх зямель у склад літоўскай фэдэрацыі не парушыў іх унутранага ўкладу, ўсё асталося па стараму, акром аднаго, што замест дынастыі Рагвалодавічаў, княжылі сперша князі Мэндаговічы, а пасьля В. Княжыя намесьнікі і воеводы, якія выпаўнялі лежаўшыя перадтым на князёх адміністратыўныя павіннасьці.
У склад літоўскай фэдэрацыі беларускія землі ўвайшлі на аснове добравольных угод, кождая засьцярогшы свае правы і вольнасьці мейсцовымі „констытуцыямі“. Праўдападобна Вітаўт выдаў правы і вольнасьці полацкай зямле. Падобна Вітаўту паступалі В. Кн. Жыгмунт, Казімір, Александр. Урэшце ўсе прывілеі полацкай зямлі былі пацьверджаны Жыгмунтам,—Аўгустам 1547 г. лютага 21 дня.[1]
Вітэбская зямля прыняла Альгерда, як мужа апошняй князёўны з роду вітэбскіх князёў, на правах дзедзічнага князя. Праўдападобна мейсцовую канстытуцыю выдаў вітэблянам Альгэрд.
Пацьверджаючыя граматы былі дадзены В. Кн. Александрам у 1503 годзе, чэрвеня 16 дня. Зыгмунтам—ў 1509 г. і Зыгмунтам-Аўгустам у 1561 г. чэрвеня 6 дня.
Констытуцыю Смаленскай зямлі праўдападобна выдаў таксама Вітаўт. Пацьверджаючый прывілей быў выдан В. Кн. Александрам 1503 г., сакавіка 1 дня.
Турава-Пінскае Князьства найдаўжэй захавала самаістасьць. Апошні Турава-Пінскі Князь Іван Васілевіч Яраславіч памер ў 1531 гаду.
Устаўныя граматы выданыя Вялікімі Князямі Літоўскімібеларускім землям не маюць адзінага пляну і зьместу, але затое маюць адзінае значэньне. Гэта ўсё мейсцовыя „констытуцыі“, істотна абмежаўшыя сувэрэнітэт Вялікага Князя ў карысьць мейсцовага жыхарства. Калі можна гаварыць аб абсалютнай ўладзе В. Кн. Літоўскіх ў Літве, то гэта ўлада далёка не была такой у беларускіх землях.
Паводле устаўных грамат вярхоўнай ўладай у беларускіх землях зьяўляюцца іх вечы, зложаныя з усіх станаў. Ад імені ўсей зямлі прэдстаўнікі веча зносяцца безпасярэдна з князям. Вітэбскае і Полацкае агульна-земскае сабраньне маюць права выбіраць кандыдатаў на намесьнікаў гаспадарскіх, якіх сам гаспадар зацьверджае. Гаспадар павінен намесьніка свайго зьмяніць, калі яго „абмовяць“ перад Гаспадарам. У смаленскай зямле ваевода назначаўся Гаспадарам, але затое ўсё правінцыальнае ўпраўленьне знаходзілася ў руках мейсцовага жыхарства „па стараму“. Гэта аберэгала зямлю ад наплыву чужаземных урадоўцаў. Хоць у руках княжых намесьнікаў і ваеводаў знаходзіўся суд, але яму ставіліся вельмі істотныя абмежаньня: ваевода ў сваіх судовых пастановах павінен быў кіравацца толькі мейсцовым правам. Суд адбываўся на мейсцы. Вызаў на суд гаспадарамі ў другую зямлю не дапускаўся. На намесьнікоўскім і ваеводзкім судзе заседаюць прэдстаўнікі ад усіх станаў: „князі, баяры, мешчане і паспольства“, — дасматрэўшы з каторымі, воевода выносіць судовую пастанову (Вітэбская грамата).
У Смаленскай зямлі воевода судзіць: „з окольнічымі і нашымі враднікамі“. Усе гэныя асобы, заседаючыя ў судзе, зьяўляюцца абаронцамі мейсцовага права і звычаю.
Устаўныя граматы забасьпечаюць жыхарству асабістую недатычнасьць. Разбор спраў павінен адбывацца „на яўным судзе хрысьціянскім“. Ніхто ня можа быць пазбаўлен маемасьці іначэй, як толькі па суду. Жонка і дзеці не адпаведаюць за праступкі мужа і бацькі і наадварот, калі толькі яны ня ведалі, або самі не прыймалі ўдзелу ў праступку. (Полацкая).
Грамадзяне зямлі маюць права свабоднага выезду ў Літву і „куды хто схочэ бяз кождае зачэпкі“. Выезд павінен быць яўным, а не тайным. Выезджаючый мае права зрабіць разпарадак сваей маемасьці. Гаспадар не мае права „ўступаціся“ ў зроблены разпарадак. Усе граматы (Полацкая, Вітэбская, Смаленская) забасьпечаюць жыхарству права свабодна разпараджацца сваей маемасьцю.
„Безспадчына і адумершчына“ не спадаюць на Гаспадара (Полацкая, Вітэбская).
Па сьмерці мужа, жану нельга прымусам выдаваць замуж (Смаленская, Полацкая, Вітэбская). Запісаная мужам маемасьць астаецца ў жонкі, нават па выхадзе замуж. Граматы забасьпечалі працэсуальнае права, тарговы суд, асобу і маемасьць ад уціску адміністрацыі і ўстанаўлялі павіннасьці грамадзян па адбываньню дзяржаўных падаткаў.
Граматы разглядаюць зямлю як асобную адзінку ў Дзяржаве, зьвязаную дзяржаўным укладам з асобай Вялікага князя.
Шырокасьць аўтаномных правоў зямель ў складзе Літвы добра характэрызуе грамата 1404 г. „Мы палачане даем ведама, хто сію грамату ўзрыць, што містэр Задзьвінскі адпусьціў нятцы полацкія і тавар на рукі Вялікага князя Вітаўта і нашы рукі“, (Акт. Лів.) Тут побач як роўныя вялічыні выступаюць — полацкае вечэ і В. Кн. Вітаўт.
Другім, агранічаючым сувэрэннасьць Князя органам ў стасунку да беларускіх зямель, была Рада Гаспадарская.
У меру разросту беларуска-літоўскага гаспадарства і ўходжаньня ў яго склад паасобных князьстваў і зямель, пры Вялікім Князю вытвараўся дарадчы орган—„Рада Гаспадарская“.
У склад гэтай Рады ўходзілі прэдстаўнікі ад усіх зямель. Рада прыймала ўдзел у абмяркаваньню ўсіх дзяржаўных спраў, падлегаўшых веданьню Гаспадара. Пастановы Рады мелі моц толькі пасьля зацьверджаньня іх Гаспадарам. Ў часе нябытнасьці Гаспадара ў краю, ці яго хваробы, „Рада Гаспадарская“ заступае Гаспадара і ад яго імяні дзее.
Пасколькі Рада без зацьверджаньня Гаспадара не магла выдаваць законаў, то паводле прывілею 1506 г. — Гаспадар быў забавязан не выдаваць ніякіх законаў бяз згоды Паноў Рады. Бяз згоды Паноў Рады Гаспадар ня мог мець дыплёматычных зносін, надаваць і адбіраць землі і ўрады. Зьбіраньне і выдаткаваньне дзяржаўных сумм адбывацца магло, таксама, толькі са згоды і пад кантролям „Рады Гаспадарскай“.
Гэткім чынам забязпечэньне правоў беларускіх зямель было дваякае: з аднэй стараны—ўстаўнымі граматамі, забязпечаўшымі сувэрэннасьць зямель, і, з другой стараны прэдстаўніцтвам інтарэсаў зямель ў складзе „Рады Гаспадарскай“, якое прэдстаўніцтва надаючы адналітнасьць агульна-дзяржаўнай палітыцы, мела магчымасьць бараніць свае фэдэральныя правы і прывілеі.
Пры гэтым трэба адзначыць, што землі этнаграфічнай Літвы ўходзілі ў склад В. Кн. Літоўскага на роўных правах і ніякіх, ні ў чым, асаблівых прывілеяў, большых чым землі беларускія, ня мелі.
Словам, у аснову Літоўска-Беларускага сужывецтва ў мінуўшчыне, паложана была запраўдная роўнасьць і ўзаемная пашана правоў кождага народу. Гэтыя ў вышэйшай ступені культурныя адносіны сталіся тэй астояй, апіраючыся на якую фэдэратыўнае В. Кн. Літоўскае расло і множылася.
В. Ластоўскі.
- ↑ Гл. „Курс Белоруссоведенія“, Москва 1918-1920 гг. стацьця праф. Анучина „Исторія белорусского народа“.