Зіма (Дарожны)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Зіма
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зіма цяпер і снегу па калені,
Ні сцежак, ні дарог няма.
Цярусяцца і падаюць сняжынкі памаленьку.
Зіма, зіма.

Ў палях снягоў сярэбраная ціша
Асела белаю і звонкай сівізной.
Ізноўку думы галаву маю калышуць,
Ізноў, ізноў.

Не спіцца мне, не спіцца мне, і часта.
Палае снег барвовістым агнём...
Не ведаю чаго, на радасць ці няшчасце,
Злятаецца сюды з паўночы вараннё.

На белы снег садзяцца і садзяцца,
Крыламі веючы над полем цемнату...
Гады, гады, міне ўжо скора дваццаць,
А дні сняжынкамі лятуць, лятуць.
 ·
Не помню я, даўно было ці не.
Такою ж песняю ці мо зусім другою
Я называў яе калісьці на вясне —
Дзяўчынай любаю і дарагою.
Не помніцца цяпер, даўно было ці не.

Тады над полем чырванелі далі,
І вецер па-інакшаму тады зусім звінеў,
Як быццам нехта на сярэбраных цымбалах
Пяяў няскончаныя песні мне.
Тады над полем чырванелі далі.

Цяпер зіма і снегу па калені,
Ні сцежак, ні дарог няма.
Цярусяцца і падаюць сняжынкі памаленьку,
I далі тонуць у сівы туман.
Цяпер зіма і снегу па калені.

Сяджу і думаю адзін, як месяц,
Нікога не пакрыўдзіўшы, далёкіх любых клічу...
Ласкава шастаюць завеі снежнай песняй,
Ласкава шастаюць у лозах ніцых.
Сяджу і думаю адзін, як месяц.

А за акном глыбокія снягі, снягі.
Хто сцежку першую пратопча між дуброў,
Хто першы прыйдзе, радасны і дарагі,
Над вёскаю развесіць струны правадоў?
А за акном глыбокія снягі, снягі.