Зь песень аб вясьне (Купала — Сьвяціла сонца, птушкі пелі…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зь песень аб вясьне
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/889


Сьвяціла сонца, птушкі пелі,
Была вясна ўжо дзьве нядзелі, —
      Гняздо клаў бусел-клекатун;
Лясы ўжо пукацца хацелі,
І песьні весела шумелі;
      Шукаў ахвяр сваіх каршун.

Але зьбірацца сталі хмары,
Крукі паселі на папары,
      Запеў аполудні пявун;
І сівер з поўначы павеяў,
Сьнягамі ўсю зямлю абсеяў;
      Азябшых птушак б’е каршун.

І будзе так са дзьве нядзелі:
Заціхне птушчына капэля,
      Замоўкне бусел-клекатун, —
Ажно устане зноў з пасьцелі
Цяпло — і сьвет сабой засьцеле, —
      Загіне з выстралу каршун.

(1905—1907)