Зноў літоўцы вось едуць
***Зноў літоўцы вось едуць… (Урывак з паэмы «Конрад Валенрод») Аўтар: Адам Міцкевіч 1940 год Пераклад: Валянцін Таўлай Крыніца: Полымя рэволюцыі, 1940. - №11 - с. 108-110 |
Іншыя пераклады гэтага твора: Конрад Валенрод. |
Зноў літоўцы вось едуць, едуць з начнога набегу
І здабычы багатай кожны вязе з іх нямала,
А ля коней буланых зноў валакуць на пастронках
Ненавісных крыжакаў, сотні павязаных немцаў.
Глянуць немцы на Захад - слёзы сцякаюць па тварах,
Глянуць немцы на Каўнас - толькі малітву зашэпчуць.
Ёсць у горадзе Каўнас плошча святая Пяруна,
Перамогуць літоўцы - плошча кастрамі палае:
Богу Пяруну ў ахвяру паляць на плошчы крыжакаў.
Толькі двое спайманых едуць на ўсход без трывогі:
Першы - прыгожы і стройны, старасць схіляе другога,
Ды абодва таксама, немцаў пакінуўшы ў бітве,
Перабеглі к літоўцам. Кейстут прыняць загадаў іх,
Але вартай абставіў, і з сабой вядзе ў замак.
- Вы з якое краіны? - кажа, насупіўшы бровы, -
Што вяло вас к літоўцам: золата, страх ці мо' дружба?
- Княжа, - сказаў маладзейшы, - сам я з літоўскага люду,
Толькі роду не знаю, прозвішча бацькі не помню,
Бо яшчэ невялічкім немцы ў няволю схапілі...
Помню: ў літоўскай краіне горад стаяў дзеравяны
І на ўзгорку нястромкім дом быў з чырвонае цэглы.
Гэта - дом майго бацькі. Пушча шумела навокал
І далёка між пушчы возера бліскалі хвалі.
Помню: уночы калісьці лямент збудзіў мяне со сну.
Нейкі дзень незвычайны ў вокнах займаўся крывава.
Пахнула дымам і смаллю. Кожны з нас кінуўся к браме.
Полымем веяла ў вочы, іскры спадалі на цемя,
А на крыллі агністым - жудасны покліч: "Крыжакі!"
Бацька выбег са зброяй - выбег і больш не вярнуўся.
Немцы ўварваліся ў двор наш. Коннік за мною пусціўся
І здагнаўшы - спалоніў. Што было потым - не знаю.
Толькі крык бесканечны, крык любімай матулі
У бразгаце зброі і груку ў прах западаючых вуліц
Доўга ляцеў наўздагонку, доўга за конямі рваўся.
І астаўся со мною і астаўся навекі.
І цяпер як пачую лямант і полымя ўбачу пажару -
Крык той будзіцца ў сэрцы, як падзямельнае рэха.
Вось і ўсё, што я помню з роднай старонкі і хаты.
Часам вочы заплюшчыш: бачыш матулю і татку,
Але ўсё болей і болей вобраз чамусьці іх меркне,
Нейкі туман засланяе рысы любімых і родных.
Дні спляталіся ў годы. Рос я між немцамі немцам.
Імем Вальтэр назвалі, прозвішча Альфа дадаўшы.
Збоку - быццам і немец, але маленькае сэрца
Асталося літоўскім: у ім - і туга і нянавісць.
Вінрых, майстар крыжацкі, сам прыгалубіў, як сына.
Сам насіў на хрышчэнне і пасяліў у палацы.
Што ж, калі нудна ў харомах, цвёрда ў абнімках чужацкіх.
Я ад Вінрыха рваўся да песняра на калені.
Жыў тады між чужынцаў, дні каратаў у палоне
Многадумны літовец. Звычаі знаў ён і мовы -
Гэтым патрэбен быў немцам. Ён мяне, сіраціну,
Часта клікаў і песціў. На песняровых каленях
Засынаў я, сагрэты матчынай мовай і песняй.
З ім не раз я выходзіў к сіняму Нёмну на бераг
І з крутога абрыву доўга глядзелі на край наш,
На Літву дарагую - раскалыханую пушчу.
З берага ў замак ідучы, каб не здагадваўся Вінрых,
Слёзы пясняр уціраў мне. Слёзы ўціраў, але ў сэрца
Капаў кіпучую помсту. Помню, вярнуўшыся ў замак,
Нож употай вастрыў я. Кроіў дзіцячай рукою
Дываны дарагія, люстры калечыў шрамамі,
На шчыты баявыя сыпаў пясок і пракляцці.
У нянавісці хмурнай годы дзяцінства міналі.
Помню: з порту Клайпеды, з хвалі балтыйскае ўсплёскам
Мы адплывалі на чоўне бераг літоўскі адведаць.
Родныя кветкі зрываў я, ветрыкам пешчаны мяккім
І заварожаны пахам. Неяк тужліва і цёпла
Станавілася ў сэрцы. Вобраз дзяцінства забыты
Ажываў невыразна. Нейдзе ля бацькавай хаты
Я з братамі малымі ў коні, здаецца, гуляю...
Сам пясняр пасівелы - неадступны таварыш -
Непрыкметна выходзіў памяці ўнука насустрач.
Словам цудоўным і простым, быццам кветкі пахучым,
Дамалёўвай той вобраз адкрасаванага шчасця.
Як гэта добра малому жыць у роднай сямейцы,
Дні калыхаць залатыя! Колькі ж дзетак літоўскіх
Шчасця такога не знаюць, сохнуць у горкай няволі!
Моўчкі старога я слухаў, зрок затапляючы ў хвалі.
Мора грымучымі грудзьмі злосна ўспаўзала на бераг
І, адплываючы з шумам, след пакідала пяшчаны.
- Бачыш, - стары гаварыў мне, - траўкі ўзбярэжнай нядолю:
Жвір яе засыпае, мора пяскамі заносіць.
Гнуцца травінкі з-пад мулу, быццам з магілы вылазяць,
І ападаюць без сілы іншым прыдушаны пластам.
Сынку, траўка ўзбярэжжа - гэта літоўскае племя,
Жвір, з-за мора прыгнаты, - гэта крыжацкая немач.
Сэрца сціскалася болем. Рэзаць хацелася немцаў,
Ці уцякаць да літоўцаў. Розум сівы і глыбокі
Супакойваў парывы. - Так не ваююць, мой сыне:
Рыцар свабодны і горды, выбраўшы зброю любую,
Кліча ворага ў бітву, дужацца сілай і спрытам.
Аставайся, мой родны, хітрасці немцаў спазнаеш
І здабудзеш давер'е - зробім тады мы, што трэба.
Быў я пакорны старому. З войскам ішоў вось тэўтонскім,
Але у першай сутычцы, зблізка пабачыўшы сцяг наш,
Песню Літвы баявую вухам і сэрцам пачуўшы, -
К нашым кінуўся ў гушчу. Разам вяду і старога.
Часам сокала схопяць і запалоняць у клетцы,
Мораць голадам цела, мукамі розум калечаць
І напусцяць урэшце на сакалінае племя -
Толькі ўзнімецца ў хмары, толькі прасторы акіне,
Вольным птахам павісшы ў сіняве неабсяжнай,
Зловіць крыллем паветра, шум свайго пер'я пачуе -
Не чакай паляўнічы: сокал не вернецца ў клетку.
Змоўк юнак у задуме. Князь усё слухаў і слухаў.
Слухала з князем Альдона, як маладая заранка...