Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/І. Плаўнік/Успаміны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Толькі ноч Успаміны
Верш
Аўтар: Ізраіль Плаўнік
1926 год
⁂ (Іграюць промені у вочах)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСПАМІНЫ…

Я сядзеў там адзінокі, —
Каля саду на мяжы…
Летні вечар павалокай
На палеткі хмель імжыў…

Там, у вёсцы у далёкай,
Што тапілася ў палёх,
На зямлі зялёнабокай
Сіні небасхіл прылёг.

Ад сьпякоты грудзей лета
Ноч купалася ў рацэ…
І прышла ты праз палетак
З васількамі у руцэ…

І прышла ты веснавіцай:
Ня прыйсьці ты не магла…
Усьміхнулася начніцай,
Засьмяялася імгла.

Я угледзіў ў тваіх вочах
Радасьць сьпелае душы…
Ты пякуча і ахвоча
Дакранулася… Ў цішы

Вусны палкія зьліліся…
Вечар хутаў нас імглой,
Цалаваўся вецер з лісьцем,
Абняліся ноч з зямлёй…

Зашаптаўся сад з палеткам, —
На узьмежку ля ральлі
Красавала шчасьця кветка —
Жыцьцё новае плялі…