Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Па Даўгінаўскім гасьцінцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вецер Па Даўгінаўскім гасьцінцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
У лесе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па Даўгінаўскім гасьцінцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА ДАЎГІНАЎСКІМ ГАСЬЦІНЦЫ

Менск — Акопы

Пусьціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час, —
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.

Трухкоча брычка па дарозе —
Сам Разымблюм за фурмана, —
Мяне-ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.

Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды, —
Цяпер сям чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.

Ах, вы шляхі!..
З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол,
Зьбярэшся з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол…

Конь пазірае ў бок з укоса
На плех мурожны пад кустом,
Ды круціць-верціць пад сам носам,
Як тэй кадзільніцай, хвастом.

Абапал высяцца прысады,
А дравы пэўне па сто год —
Было іх больш, дый далі рады:
Працерабіў іх свой народ.

Гляджу на звалены бярозы, —
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людзкой сякеры не змаглі.

А людзі? Ведама як людзі,
Як кожны наскі чалавек:
Садзіць сягоньня тое будзе,
Што ўчора так нядбала сьсек.

Бяжыць пад коламі гасьцінец,
Бягуць прысадзіны назад.
Вакол бяз конца сьвет-дзядзінец,
Палеткі, вёскі, лес, як сад.

Знаёмы гэты мне шлях родны, —
Даўгінаўскі вядомы шлях!
Які нёс годных і нягодных
На векавых сваіх плячах.

З Даўгінава ў Менск балаголы
Па ім, бывала, дзень-у-дзень…
Ад дзёхцю пах, скрыня ад колаў.
Шум ад людзей…
І ўсё, як цены!

Як сон нязбытай абяцанкі…
Заціхнуў шлях, як птах зімой,
Цяпер даўгінаўскай фурманкі
Ты не спаткаеш, браце мой!

Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо й матулі з вас які…
Былі сваймі у шчасьці, ў бедах, —
Цяпер чужыя чужакі.

Ды ані вестачкі адтуля,
І нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней.

А воўк завые — адгалоскі
Лятуць сюды, калі дзень ціх,
Як-бы воўк адгэтуль вёскі
Забыць ня можа там — у іх.

Для птушкі вольнай і для зьвера,
Як і для думкі — ўвесь ім сьвет!
Для іх ня ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет.

А ну, мой косю!
Што там?
Пустка…
Вярні з гасьцінца ў бок гужом!
Бо далей — „пропуск“, і… „пшэпустка“
Стань Разымблюм!
Акопы ўжо!

26-VI 1926 г.
Акопы