Каб таму па локаць
Адсушыла рукі
І аб сьценку біўся
Ад балеснай мукі, —
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты.
*
Каб таму крукамі
Пакрыўляла ногі
І да роднай хаты
Не знайшоў дарогі, —
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў ў прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях.
*
Каб таго скруціла
Гадзінавым скрутам
І прыстала потым
Сухажыльным прутам, —
Хто круціў нам сьцежкі
Да жыцьця і славы,
Засьцілаўшы вочы
Туманом крывавым.
*
Каб таму маланкай
Асьляпіла вочы
І блукаў абмацкам
Ён удзень і ўночы, — Хто для нашых дзетак
Хоча асьляпленьня, —
Бэсьціць чужаніцай
Думак прасьвятленьне.
*
Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І ня ўстаў ён болей
Са сваёй пасьцелі, —
Хто над Беларусяй
Хоча распасьцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усьмерціць.
1926 г.
|