Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Для насьценнай газэты Б.Дз.В.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
І што я ёй зрабіў такое? Для насьценнай газэты Б.Дз.В.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Беларускаму Дзяржаўнаму Выдавецтву
Іншыя публікацыі гэтага твора: Для насьценнай газэты БДзВ.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЛЯ НАСЬЦЕННАЙ ГАЗЭТЫ Б. Дз. В.

1

ШТО ТЫ СЬПІШ

Што ты сьпіш, Госіздат?
Бач, вясна на дварэ,
І суседзі твае
Ўжо працуюць даўно.

Ты збудзіся, устань,
На сябе паглядзі,
Чым ты быў, чым ты ёсьць,
І што будзе з цябе.

Ні шрыфтоў, ні прылад,
Ні тэй фарбы людзкой.
І паперу тваю
Даядае пацук.

Замест кніжак для школ
Блянкі шлёпаеш ты,
А пацехі ад іх
Ні табе, ні людзям.


Ты устань, Госіздат,
Пратры вочы, свае,
Бо інакш хтось другі
Скарыстае твой сон.

2

ДА НАШАГА ПРАЎЛЕНЬНЯ БЕЗНАДЗЕЙНАЕ МАЛЕНЬНЕ

Праз нашу бясцэнную
Газэту насьценную
Заносім маленьне, —
Зьвяртаемся з просьбаю
(Ды ўжо-ж — ня з грозьбаю)
К табе, праўленьне!

Вока ласкавае
Мей ты над справаю
Друку ўляпшэньня:
Для нашых сэктараў
Трэба, як нэктару,
Грошы, праўленьне!

Паперы белае
Кіп сотні цэлыя
Даць мей хаценьне,
І шрыфту ўсякага
Але нябыякага,
Падай, праўленьне!

Машыну сшывальную
І фальцавальную
Для палягчэньня,
Машыну наборную
І фарбу чорную
Дай нам, праўленьне!

І цынкографію,
Для поліграфіі
Нашай збаўленьне,
І стэратыпную
Болей дасьціпную
Падай, праўленьне!

Пад пераплётную
Больш паваротнае
Дай памяшчэньне;
Ад сьпіску цеснага,
Як зла няўцешнага
Выбаў, праўленьне!

Хоць неактыўнае,
Але колектыўнае
Гэта маленьне
Зносім плачучы,
Прасьвету ня бачучы,
К табе, праўленьне!

1924 г.