Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Дзьве сястры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе стаяў двор панскі… Дзьве сястры
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Цішку Гартнаму
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзьве сястры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЬВЕ СЯСТРЫ

На тутэйшай зямлі
Дзьве сястрыцы жылі,
Як забытыя ў лесе каліны;
Жыватворных крыніц
Ня было для сястрыц, —
Яны вялі і сохлі націнай.

Як надыдзе вясна,
Ў чыстым полі адна
Аж да восені сілы губляла,
А сьцюдзёнай зімой
У хаціне курной
Кужаль прала, снавала і ткала.

А ў другой з году ў год
Выядаў, як той крот,
Дым фабрычны дзявочыя вочы;
А дзявочу красу,
Нібы тую расу,
Піў цагляны падвал цёмнай ночы.

Сярод гора і мук
З працы гнулася ў крук
Так адна, як ад ветру каліна,
Ды пяяла з нуды,
З непацешнай бяды:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!

А другая ў людзей
Гадавала дзяцей,
Не зазнаўшы прасьветнай часіны,
Ды таксама скрозь сон
Чуцен быў яе стон:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!

Ой, настаў ужо час
Пашукаць іншых крас,
Як дагэтуль вы мелі, сястрыцы!
Голас ваш малады,
Адчураўшысь нуды,
Забурліць хай бунтарскай крыніцай!

Годзе кіснуць, марнець,
Песьні смутныя пець, —
Ладзіць новую час гаспадарку!
Казкі новыя ў сьвет,
Дум палаючых цьвет
Кінь, сялянка, з сястрой пролетаркай!

6/X 1924 г.