Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Два сьветы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А зязюлька кукавала… Два сьветы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Поэта і цэнзар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Два сьветы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДВА СЬВЕТЫ

1

ДЗЕД

Сёрбай, дзеду, сёрбай
Крупнік ды зацірку, —
Пабрыдзеш бо з торбай,
З торбай дзірка і ў дзірку.

Закарбуй на бірку,
Што на гора спор быў,
Спорна год нацыркаў,
Дарабіўся горбу.

Высьвідраваў корбай,
Вырыў плугам-кіркай
Баразьністу ворбу
Тры аршыны шыркай.

Выцерпеў прыдзіркаў,
Што і мор ня сьцёр-бы, —
Стар і мал век гыркаў:
— Сёрбай, дзеду, сёрбай!

2

УНУК

Дзедаў ўнук-гарэза, —
Як чмель чапурыцца,
Ўсе-б платы парэзаў,
Плот яму — макрыцца,

Ён не спакарыцца,
Як сам рымскі цэзар, —
Хто супроць — кастрыцай,
Бахне і з „абрэза“.

У руках жалеза
Жарам заіскрыцца,
Не ўпляце дзярмезаў
Яму і пямрыца.

Як ёсьць чым прыкрыцца —
Багацей ад Крэза…
Выйдзе ў сьвет крыніцай
Дзедаў ўнук-гарэза.

1926 г.