Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Гутарка аб кепскім гаспадары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэта і цэнзар Гутарка аб кепскім гаспадары
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Гутарка аб кепскай гаспадыні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гутарка аб кепскім гаспадару.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУТАРКА АБ КЕПСКІМ ГАСПАДАРЫ

Кепска, калі кепскі
Ўдасца гаспадар, —
Сам у сваім доме
Ніякі ўладар.

У яго парадак —
Адпусьці ты грэх:
І сабе на гора,
І людзям на сьмех.

*

Хата ў яго хата —
Дзіркі на страсе,
З печы дым ня ў комін,
А пад столь нясе.

На курынай ножцы
Пуня і хлявок, —
Вецер ім салому
Закасаў на бок.

Зруб у студні зьехаў,
Гразь цячэ ў ваду,
І асьвер і вочап
Толькі на бяду…

А платы навокал —
Тын і частакол, —
Дзе гнілая жэрдка,
Дзе зламаны кол.

*

Чыста ў яго, чыста —
Лад вядзе стары;
Лому, гною кучы,
Хоць ты падбяры.

З гноем пад нагамі.
Граблі, вілы, крук,
Пад вакном у лужы
Рыецца парсюк.

Рыцьвіны ды ямы
Па дзядзінцы скрозь,
Ажно калі глянеш
Разьбірае млось.

Сам ён непамыты
Лета і зіму, —
Дзедаў дзед ня мыўся,
Дык чаму-ж яму?..

*

Статак яго, статак,
Не знайсьці нідзе:
З поля і на поле
Чуць ідзе-брыдзе.

Конь сьляпы, з ахватам,
Ходзіць, абыяк,
Есьць адна карова
І ў таей кільчак.

Кашаль сьвіньню душыць,
Ног ня ўзьніме кныр,
„Матылі“ ў авечак —
Круцяцца, як вір.

Вылезла ў ягняці
Воўна дачыста,
А цялё за хлевам
Ходзіць без хваста.

*

Праца ў яго, праца —
Мабыць з гультаеў:
Рана спаць кладзецца,
Позна ўстае.

Дзе там нейкі трактар,
Дзе там нават плуг:
Ён сахой, як прадзед,
Гоні верне ў круг.

Паарэ наўзрэхі,
Куст расьце — расьці!
Церабіць ня варта,
Можна абыйсьці.

Бараны жалезнай
Неспанатрыў ён, —
Смыкам дапатопным
Ёрзае загон.

Сеяць-жа як выйдзе
Гэты свой узрэх:
Дзе насыпе кучу,
А дзе голы плех…

Збожжа ў яго, збожжа —
Дзякуй ні за грош:
Неабходных дзёран,
Як абходных больш.

Жыта паспляталі
Гірса ды званец,
У пшаніцы „сажа“,
Дурнап‘ян-дурэц.

Вераб‘ю авёсік
Толькі да калень
. Адно толькі вусьсе
Выпусьціў ячмень.

Бульба, як арэхі,
Па тры пад карчом,
Боб, гарох, капусту,
Збэрсала сьвінчо.

*

Возіць з поля, возіць,
Што ня згноіў дождж, —
Не зьбярэ ўмалоту —
Каласы, як хвошч.

Малацьба надыйдзе,
Бо патрэбен хлеб,
Нашто малатарня,
Балазе ё цэп.

Таксама на арфу
Ня прышла пара, —
Веелкай навее
Кубялок дабра.

Млын хоць недалёка —
Ня прывык яшчэ:
Зьмеле ў жорнах жыта,
Ў ступе круп стаўчэ.

*

Сядзе есьці, сядзе
За кульгавы стол,
Траяногі зэдаль
Чуць ня рыне у дол.

Груца ды зацірка,
Цэд, цура, кісель,
Мілта, саладуха —
Амаль стравы ўсе.

Ані тэй закрасы,
Ані скваркі тэй,
Бульба з мундзірамі,
Хлеб нібы з пасей,

Бліны, верашчака —
На паўгода раз,
Нават чамяруха
Рэдка ў які час.

*

Едзе ў госьці, едзе —
Запрасіў камрат, —
На чым сьвет скаголіць
Кволы панарад.

Не падмазаў колаў,
Колы і скрыпяць,
Па вандолах скачуць
Ні ў дзесяць, ні ў пяць.

Загваздкі, атосы —
Па аднэй няма.
З восі лезе шворая,
У гару старчма.

Конь той клыпу-клыпу,
Сем гадзін — вярста;
Вонкі хамуціна
Прэцца з хамута,

Плеценая вобраць —
Адны матузы,
Галаву шмальцуе
Горш ад дзермязы.

Што ні крок супоня
Рвецца як аб пень,
І гужы з дугою
Злазяць з аглабень.

Падсядзёлак зьехаў
Аж пад бруха ўніз,
А чарасьсядзельнік
Пад калёсы зьвіс.

Набадрыкі-зрыўкі
Шыты на вырост.
Ляйчыну з вузламі
Конь злавіў пад хвост.

Замест нейкай пугі
Стусіна дубец,
Але й той з двара ўжо
Сьцёбаны ў канец.

*

Едзе ў госьці, едзе…
Едзь-жа ў добры час!
.........
Кепска, калі кепскі
Гаспадар хто з вас.

5-VII 1926 г.
Акопы