І прыдзе новых пакаленьняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыцьцё прайшлі, ці чарада
Зьняваг мінулых нас ня зьела,
Пакінуўшы свой дым і чад.
І мы па-даўнаму нясьмела
Жылі ня ў лад і неўпапад?
Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
І дабравольна, бяз прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум і рук?
І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх-бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..
А ўжо свой выдасьць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разьбярэ, ў чым справа тут.
У сьведкі запісы пакліча,
Паданьні клікне ў час такі
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..
І засумуецца патомак
Калі дазнаецца аб нас, Што нейкі з нас хоць быў ня зломак,
А плечы гнуў у крук ня раз;
Ня йшоў з адкрытымі вачыма
У сьвет і сьцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасьці магчымай
Таптаў сьляды, сябе таптаў.
1926 г.
|