Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Урывак з драматычнай поэмы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Урывак з поэмы Урывак з драматычнай поэмы
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Нікому
Іншыя публікацыі гэтага твора: Урывак з драматычнай паэмы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УРЫВАК З ДРАМАТЫЧНАЙ ПОЭМЫ

ДЗЕЯ I

Зьлева ўправа к ахвярнаму месцу ідуць варажбіты-вядуны дзяўчаты, прысьвечаныя Пяруну. Затрымліваюцца пад сьвятым дубам.

Зьява 1-я.

БАЙМІР (варажбіт)

Небу і грому,
Сонцу жывому,
Месяцу, зорам
Песьню мы творым,
Хай чуе нас мал і вялік!
Хай чуе Пярун-Грамавік!

Веру старую
Хай зачаруе
Наша закляцьце
Ў полі і ў хаце,
Каб зьменьнікаў цемрай зьмяло,
Каб ссохла няверы зяло!

ХОР

Пярун, Пярун, тачы, вастры
Ты востра блыскі, стрэлы,
І здраду звуглі на кастры
На попел амярцьвелы!
Пярун, Пярун, Пярун!

НЯЎЗІРА (варажбітка)

Ясным дзяньніцам,
Цёмным начніцам,
Кветкам і смоўжам
Песьню мы зложым
Так зьмірна, так вабна, як сон
Мінуўшых і будучых дзён!

Скрэсім сьвятло мы,
Згонім заломы,
Кінем праявы,
Шчасьця і славы.
Каб доля жыла з веку ў век,
Дзе ступіць наш брат чалавек!

ХОР

О, сонца, сонца! Глянь з высот, —
Твае к табе йдуць людзі, —
Крый веру іх ад злосных псот,
Пасей ім жар у грудзі!

Пярун і сонца, мейце нас
У вечнай вашай ласцы,
Пакуль на сьвеце наш папас
І верым песьні, казцы!

БАЙМІР

Хто мае слух, хай чуе той,
Хто мае вочы, хай глядзіць,
Хто веры ня згубіў сьвятой,
Няхай ня важыцца згубіць!

Ад колькі пор я маю весьць,
Благую весьць — пасьведчу вам —
Бог нейкі новы хоча ўзьлезьць
Да нас на зьдзек старым багам.

З паўдня і з захаду, як збой,
Брыдзе і сьлед крывёй сьлядзіць…

ХОР

Хто мае слух, хай чуе той,
Хто мае вочы, хай глядзіць!

БАЙМІР

Ва ўсе бакі сваіх шле слуг,
А тыя скрозь нясуць пажар,
Багоў старых мятуць, як мух,
І ўзносяць новаму аўтар.

Ужо адзін такі пасол
Забрыў і ў нашу сьцішну глуш, —
Блукае між сяліб і сёл
І зводзіць слабых, кволых душ.

Ужо ў адзін род гэты вой
Патрапіў здраду засадзіць…

ХОР

Хто мае слух, хай чуе той,
Хто мае вочы, хай глядзіць!

БАЙМІР

Штось хоча нам сказаць Няўзіра…
Кажы, пакуль пачнем мальбу!

ХОР

Кажы, кажы! Мы просім шчыра!
Суседзкай просьбай не ганьбуй!

НЯЎЗІРА

Ёсьць сьвітаньне, ёсьць зьмярканьне,
Па зьмярканьні — зноў сьвітаньне.
Зорка згасьне — дзьве ускрэсьне,
Згубіш песьню — знойдзеш песьню.
Крэпкі стрэлы пяруновы,
Каб скрышыў іх бог той новы,
А хоць прыдзе, хоць засядзе, —
Наш Пярун з ім на пасадзе
Красавацца векі будзе,
Векі будуць верыць людзі.
Толькі ты, вядун прарочы,
Штось ад нашых крыеш вочаў,
Праўдзе ў вочы глянуць трусіш,
Хоць сказаць павінен, мусіш!
Дык кажы нам, чараўладзе,
Што хаваеш у паглядзе?

ХОР

Дык кажы нам, чараўладзе,
Што хаваеш у паглядзе?

БАЙМІР

На небе зоры — многа зор,
На землях горы — многа гор,
На сэрцы раны — многа ран…
Каму закон лічыць іх дан?!
Няўзіра хоча аж да дна
У жыцьця заглянуць дзярно…
Няхай-жа кажа ўсё спрытна,
Яна ўсё ведае даўно.
Ня крыю праўды я сьвятой,
Крывой пуцёй ня ўмеў хадзіць.

ХОР

Хто мае слух — хай чуе той,
Хто мае вочы — хай глядзіць!

НЯЎЗІРА

Мы йшлі, ідзем з табой, Баймір,
На службу сонцу й Пяруну;
Ці то на месяц, ці то на вір —
Малітву творым мы адну.

Мы чулі, чуем твой наказ,
Ты павадыр наш і прарок!
Паслухай-жа цяпер і нас, —
Няўзіра кажа не ў нарок.

Я знаю, знаюць гэта ўсе,
Ў цябе ёсьць гожая дачка,
Яна як мак цьвіце ў красе,
Сваты плывуць к ёй, як рака.

Яна ўсім дзякуе за чэсьць
І адпускае ўсіх з нічым,
А ходзяць чуткі, ходзіць весьць
Аб ёй і родзічу адным.

Дзяцюк завецца Зямігуд —
Лагойдаў роду і плямя,
А як ідзе слух там і тут —
Лагойдаў здрадная сям‘я.

Вястун, што нашых хат, палёў
Дасьціг і павуцьцё пусьціў, —
Ён Зямігуда з поля зьвёў
І новым богам аплуціў.

Буслай — так клічуць збоя ўсюдых,
Твой род, Баймір, ён хітра губіць…
Лунянка любіць Зямігуда,
А Зямігуд Лунянку любіць!

ХОР

Лунянка любіць Зямігуда,
А Зямігуд Лунянку любіць.

НЯЎЗІРА

Сягоньня будзе ён з сватамі, —
Багатых дараў прынясе, —
За ім другі з сваймі сябрамі
Прыбудзе дань аддаць красе.

Ты выбар будзеш мець тугі
Між двух мужоў Лунянкі мілай…
Вайдан завецца той другі,
А род вядзе свой ад Гасьцілаў.

Ён служыць Пяруну душой,
Ён продкаў веры не зганьбіць.

ХОР

Хто мае слух, хай чуе той,
Хто мае вочы, хай глядзіць.

БАЙМІР

Браты і сёстры, клічу вас
На сьведкі сьведчыць гэты раз;
Няўзіра праўду кажа тут,
Двух іх — Вайдан і Зямігуд
Маёй Лунянцы зложаць дар
Багатых скрынь і сэрцаў жар.
Чый будзе верх, хто будзе зяць —
Яшчэ ня час гадаць, казаць!
Магутна сіла пярунова,
Яна тут скажа сваё слова.
Яшчэ да вечара далёка,
Яшчэ ня дрэме сонца вока.
Разьвесім думак чорных хмару,
Пайдзем чыніць багам ахвяру.
За мной кажэце загавор —
Заклён, праклён на чорны бор,
На блудны яр, на скрутны вір,
Увысь і ўнізь, уздоўж і ўшыр.

ХОР

З палёў, з лясоў, з далін і гор,
У косах сонц, у кветках зор,
У горкі сум, у шчыры сьмех
Ідзем, брыдзем шукаць пацех.
Ад нашых хат, ад нашых гумн,
Ідзем, брыдзем к табе, Пярун,
Пастыр адвечных грозных хмар,
Маланак, грому уладар!
Ідзем, брыдзем к табе, Пярун!

Зьява 2-я

Лунянка — дружынкі.

ЛУНЯНКА

Кветкі нясу я,
Кветкі багам,
Хай-жа красуе
Гэта ахвяра!

Сэрцу — каханьне,
Сьлёзы — вачам,
Аж да скананьня
Ходзяць у пары.

Там, на магіле,
Там, на кургане
Кветкі расьцілі
Сьмерць і каханьне.

Лепшага дару
Ў сьвеце ня будзе
Богу ў ахвяру,
Што носяць людзі.

ХОР

Белая ў возеры лебедзь,
Белая ў рэчцы лілея, —
Наша Лунянка бялейша,
Сьнежнаю беляй бялее.

Ясныя зоркі на небе,
Ясна ў крыніцы вадзіца, —
Вочы ў Лунянкі ясьнейшы,
Сонца ў вачох ёй глядзіцца.

Звонка кукуе зязуля,
Звонка зьвініць салавейка, —
Голас Лунянкі званчэйшы,
Голас Лунянкі — жалейка.

Многа цьвяточкаў у цьвецень,
Многа цьвяткоў ў сенажаці, —
Гэтакі цьвет, як Лунянка,
Толькі на небе шукаці!

Месяц да любай заранкі
Ходзіць ноч кожну у сваты;
Едуць у сваты к Лунянцы
Два дзяцюкі-арляняты.

Кожны багатыя скарбы —
Сэрца і золата груду —
Зложаць Лунянцы пад ножкі
Ды будзе ждаці прысуду.

Ой, ды хто будзе шчасьлівы.
Каму Лунянка захоча
Сонечны косы расплесьці,
Даці вяночак ахвоча?!

ЛУНЯНКА

Дзевачкі, сястрыцы,
Кветачкі, зязюлі,
Што вы, красавіцы,
Гэтак наманулі?

Чым ваша Лунянка
Заслужыла гэта?
Кожны з вас — заранка,
Кожна — кветка ў лета.

Не кажэце болей
Мне такіх пахвалаў,
А то ўцяку ў поле,
Васількі дзе рвала.

ХОР

Ня будзеш уцякаці,
Луняначка, ад нас!
Мы ў полі, мы і ў хаце
Знайдзем у кожны час.

Чакай, глядзі: з-пад дуба…
Каб ня было бяды!
Паходкаю нялюбай
Няўзіра йдзе сюды.

Ідзе сюды Няўзіра,
Ня любім мы яе,
Глядзіць яна няшчыра,
Няшчыра і пяе.

Нядобрае штось носіць
У думках, у душы,
Бог серца ёй за штосьці
На камень засушыў.

Ня вер ты ёй, Лунянка,
Здалёк яе абходзь!
Благі йдзе чар з паганкай
Нясе благую зводзь.

ЛУНЯНКА

Лісьць шырокі на каліне,
А шырэйшы — на дубочку;
Адзінокі на галіне
Кліча голуб галубочку.

А над імі паверх поля
Ястраб лётае ў загоне;
Галубкоў пільнуе доля
І ад крыўды убароне.

Ідзеце, сястрыцы,
Ідзеце, ня жджыце,
Багам памаліцца,
Ахвяры злажыці.

Ня бойцесь, нічога
Благога ня будзе!
Ня скрыўджусь ад бога,
Ня скрыўдзяць і людзі.

ХОР

Сьцеражыся, Лунянка,
Сьцеражыся Няўзіры,
Дружба з ёй — ня гулянка,
Чорны бог яе вырыў.

Сьцеражыся, Лунянка,
Ждуць цябе шуры-буры,
Будзе ведзьмам гулянка,
Будуць гулі, віхуры.

Сьцеражыся, Лунянка,
Дзіў па полі хіхоча,
Патароча-звадзянка
Зазірае у вочы!

ЛУНЯНКА

Ці то ява, ці мо сон,
Аплялі з усіх старон?
Дзе ні стану, дзе ні гляну, —
Поўны думкі дурнап‘яну,

Сэрца б‘ецца ад трывогі,
І няма ніякай змогі
Ваяваць сама з сабой,
Са сваёй нудой, жальбой!

Скуль такія зморы, чары
Абступілі хмарнай хмарай?
Муцяць, мучаць бяз упыну,
Хоць валіся ў дамавіну!
Гэта, кажуць, любата
Мучыць сэрца ня спуста.
Ой, чарнявы Зямігудзе,
Што-та будзе, што-та будзе?
Не на шчасьце ўсё варожа,
Хіба ты паможаш, божа!..

1911 г.