Там кроў льлецца, там за волю
Барцы на вісельні ідуць,
А вы, вы мучаны найболей,
Сьпіцë, хоць вас даўно там ждуць.
Скажэце мне, а за каго яны
Пайшлі на сьмерць, пайшлі вайной?
Хто ёсьць на сьвеце так дастойны,
Што трэ‘ ахвяры аж такой?
Га, з вас ніхто таго й ня знае,
Што йдуць за тых на бітваў жар,
Хто труд свой потам аблівае,
Над кім стаіць з нагайкай цар.
Што йдуць за тых на катні зьдзек,
Хто сваёй працай горкай, цяжкай
Сьвет корміць, — сам галодны век,
Адзеты лапцямі, сярмяжкай.
Што йдуць, каб бедным і галодным
Дзянькі сыцейшы зацьвілі,
Зрабіць нявольніка свабодным,
Даць безьзямельнаму зямлі.
Дык вось, на сьмерць ісьці іх змусіў
Найнешчасьліўшы чалавек.
А вы, адродкі Белай Русі,
Сьпіцë, як быццам кат засек!
До‘ спаць! Паўстаньце грамадою
І йдзеце ім там памагаць,
Паўстаньце крэпасьцю такою,
Каб вораг вас ня мог зламаць.
Паўстаньце, покуль цар звыродны
Крыві усяëй ня выссаў з вас!
Паўстаньце! Край ваш стогне родны
Заве збаўляць, як зваў ня раз.
Паўстаньце, гляньце, божа мілы,
Свабода, сонца вас заве!
Крыху адвагі й дружнай сілы,
А шчасьце вечна зацьвіце.
Зганеце сон, асьлепны сон,
Збудзьце дух прыбіты свой,
І ўдарце ў згоды гучны звон,
І сабярэцесь грамадой!
І йдзеце, йдзеце, вы туды,
Дзе ўжо даўно кроў льлюць за вас,
Няседе веліч сьлёз, бяды,
Нясеце крыўды на паказ!
Хай кроў пальлецца дзень, другі
Варожым трупам на падсьціл,
Хай у няволі ланцугі
Спадуць ад грому вашых сіл!
1906 г.
|