Ня помню дня і тэй мінуты, —
Днём толькі, помню, ўсё было,
Як змучан доўгаю пакутай
Пакінуў я сваё сяло.
Пуцінай плёўся камяністай
Паміж кустоў, папарных ніў,
Глядзела сонца. Пот краплісты
Худы мой твар мачыў, сьлязіў.
Я змогся. Ногі больш служыці
Мне не хацелі, чуць цягнуў.
І ўсеўся на курган спачыці,
І на кургане я заснуў.
І ўбачыў вобраз векапомны, —
О, ўбачыў відаў я са сто!
Сам трэсься ўвесь, як няпрытомны,
Ішла адвага за нішто.
Я сьніў. А ўсё як-бы на яве
Кругом мяне жыло жыцьцём:
Той абымаў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу зводным сном.
Збуджэньня дух махаў крыламі,
Няпамяць свой скідала пыл,
Вякі пражыты за вякамі
Ўставалі з попелаў магіл.
Сьпіхала ў долы праўду здрада,
За быт, за шчасьце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, ўмірала старана,
І бачыў я ваякаў сільных,
І бачыў подлых я трусоў,
І чуў кайданаў звон магільны,
І чуў я вольных кліч сыноў. Душа і рвалася й цярпела,
Ў халодным поце віўся я;
Хацела крыкнуць — і ня сьмела
Натура вольная мая.
Збудзіўся я. Жыцьця крыніца
Зноў панясла ў сваім кругу…
Я йшоў, іду, але забыцца,
Што сьніў, ня мог і не магу…
21-III 1907 г.
|