Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Ня тужы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хлеб Ня тужы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
На службе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не тужы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯ TУЖЫ.

Эй, дзяцюк малады, ня тужы,
Не глядзі ты скрозь сьлёзы на сьвет,
Ідзі ў двор і там пану служы,
Як служыў, і твой бацька, і дзед.

Там працуй і гаруй, маладых
Сваіх сіл на чужых не жалей,
Мазалёў не жалей ты сваіх,
Як крыві не жалеюць тваей.

На багатых папекайся век,
Век сваёй цемнаты знось глушу,
І забудзься, што ты чалавек,
І забудзься, што маеш душу.

Хай палац за твае за труды
Гучнай музыкаю загрыміць,
Хай сагнуцца сталы ад яды,
Песьня п‘янае ўцехі хрыпіць.

Хай твой пот, якім росіш зямлю,
З сытых твараў пальлецца цурком,
Хай за горкую долю тваю
Вінаградным уп‘юцца віном.

Дык, дзяцюк малады, ня тужы,
Не глядзі так скрозь сьлёзы на сьвет, —
Ідзі ў двор і там пану служы,
Як служыў і твой бацька, і дзед!

16-X-1906 г.