Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Не чапайся, панічок…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шуміць шумненька гаёк Не чапайся, панічок!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
„Шуман“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не чапайся, панічок!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕ ЧАПАЙСЯ, ПАНІЧОК!…

Не чапайся, панічок!
Жартуй, але ў меру,
Шэпты лісія — на бок!
Я табе ня веру.

Не чапайся ты, аса!
Багацтв не ўдзялю я, —
Ёсьць дзявоцкая краса,
Ўзяць хочаш і тую.

Не чапайся! Не раўня
Табе я, мужычка,
Цябе жджэ недзе твая
Панна-белалічка.

Не чапайся! ідзі к ей,
Шапчы, весяліся,
З ёй і песенькі ты пей,
З ей і абніміся.

Не чапайся! Вы паны —
Ты з жонкай сваёю.
Ўзялі скарб мой вы адны —
Веру ды надзею.

Не чапайся! Ўжо сынка
Песьціш з беларучкай,
А мужыцкая дачка,
Хай гіне як сучка.

І я згіну сіратой,
Ты, паніч, ня згінеш…
Не чапайся!.. Што з табой?!
Стой!!! Куды?.. Што чыніш?!

19-VI—1907 г.