Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Мая малітва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Я ня плачу…) Мая малітва
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Паліліся мае сьлёзы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая малітва (Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ МАЛІТВА

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да яснага сонейка
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часьцей заглядаці да цёмных хацін.

Я буду маліцца да хмараў з грымотамі,
Што дзіка над намі гуляюць ня раз,
Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі,
Градоў, пяруноў ня ссылалі падчас.

Я буду маліцца да зорак і жаліцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца,
З жыцьця хтось зыходзе на вечныя сны.

Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю,
Каб лепшаю ўродай плаціла за труд,
Збагаціла сельскую хату пахілую,
Надзеі збытымі ўбачыў наш люд;

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ня вылі над роднай зямлёй, нада мной.

5-VII—1906 г.