..........
Зашумеў лес разгуканы,
Нівы задрымалі,
Задрыжалі і тыраны,
Што бяду стваралі.
Зашумелі, загрымелі
Магутныя песьні:
„Доўга, доўга мы цярпелі, —
Доля, воля, ўскрэсьні!“
І глядзеце, што за дзіва!
Наракаць ня трэба —
Буйна ўзойдзе наша ніва,
Будзе волі, хлеба.
Дзе ляжалі дзірванамі
Панскія абшары,
Дзе казённыя вякамі
Пусьцелі гушчары,
Дзе была адна пустыня —
Елкі ды бярозкі, —
Поле будзе, пушча згіне,
Стануць хаты, вёскі
Загарыцца сонца смагай
Дух люду і сіла,
Доля, воля ясным сьцягам,
Зоркай узыйдзе мілай,
...........
Верце песьні — скора, скора
Гэты дзень настане, —
Ўжо ўздымае людаў мора
Праўды панаваньне.
Паўставаць будуць тыраны,
Але мы ня зьляжам,
Крывёй збрызгаем паляны,
А свайго дакажам.
Наша гора, нашы сьлёзы,
Кроў і пот крывавы
Стануць ў сьпёкі і марозы
За нашыя правы.
З грудзей нашых панясецца
Вір песень прымучых
І ў адзін голас зьліецца,
У адзін магучы.
„Сьмерць таму, хто хлеб астатні
Бедным выдзірае!
Сьмерць таму, хто на люд братні
Кайданы ўзьдзявае“!
2-VI—1906 г.
|