Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Менску

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дапевак Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Менску
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Каршун
Іншыя публікацыі гэтага твора: Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Менску.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОДКЛІК З 29 КАСТРЫЧНІКА 1905 г. У МЕНСКУ[1]

Божа наш, божа, што гэта будзе,
Што гэтак сталі таннымі людзі?
Царскія слугі б‘юць іх, страляюць,
І сваіх брацьцяў за сабак маюць.
А за што-ж гэта? — ўсё за свабоду,
Што ў моры фальшу йшлі шукаць броду.
Люд збудзіць хоча праўду з магілы,
Каб не марнелі думкі і сілы,
Меў бедны ўволю грошы і хлеба,
Бо й бедным такжа шмат чаго трэба.

Дарма, што бедны, дарма, што ўбогі, —
Трэба капоту, лапаць на ногі,
Пачак запалак, пачак табакі,
Чарку гарэлкі зглуміць усякі,
Булку і скварку трэба на сьвята
Пачаставаці кума ці свата…
Шмат чаго трэба. Цар-жа бічуе,
А бедны з гора бічу ня чуе.
Росьціць надзею рай мець за сьлёзы. —
Што вясна будзе, зьнікнуць марозы.
І хоць за праўду гіне нявінна,
Сьмела йдзе ў бойку… Так быць павінна.

Вось, як анэгдай бліз было вагзала:
Крыві нямала зямля папівала;
Трупаў, калекаў нашчасных бяз ліку
К зямлі прыпала, а з енку і крыку
Вокал гудзела, як дзе на пажары,
Аж нават сонца схавалася ў хмары.

Зышліся цешыцца з царскага ўказу,
Што ўсім свабоду прыносіў адразу.
Кожны па свойму судзіць стаў аб гэтым:
Ці ўказ праўдзівы, ці будзе прасьветам
У нашым горы, у нашай няволі,
Ці ўжо кайданаў ня ўзложаць ніколі?..
І ў гэтым можа сказаў хто замнога…
Аж тут зброд царскі, забыўшыся бога,
Дай-жа страляці, як па скаціне, —
За проблеск волі няшчасны люд гіне.

Вось тут пазнай, ці свабоду нам далі,
Ці ашуканствам у бойню загналі?
Цяпер-жа ўсякі пасвойму тут судзе:
Адны талкуюць, што горш яшчэ будзе,
Што — цяпер стрэльбы грымяць каля хатаў —
Будуць-жа потым паліць і з гарматаў.
А іншы кажа, што цар нацарыўся,
Што досыць крыві ён нявіннай напіўся, —
Нібы бяз цара абыцца ён можа.

А хто-ж драць будзе, як цар голаў зложа?
Цяпер-жа ты цьвярозы, ці ўпіся,
Цар ёсьць з табою, ва ўсё ён убіўся.
Калі ў свабодзе такой пажывецца,
То і за сонца плаціць давядзецца.

1906 г. (?)



  1. Пад знайдзеным орыгіналам гэтага вершу такі подпіс: паправіў і перапісаў з чужога орыгіналу Я. Купала.

    Я. К.