Праўду з няпраўдай,
Цноту з гарэзіяй
Вымешай спрытам, —
Будзе поэзія.
Лета, ноч, месяц,
Клёнік, чарэсьня,
Хлопец, дзяўчына, —
Вось вам і песьня.
Шэпты, прысяга,
Вечная згода,
Вечная любасьць, —
Вось вам і ода.
Пуня, дзяўчына,
Сена-прынада,
Хлопец пад пуняй, —
Вось сэрэнада.
Пуня падперта…
Голас: сусед я!
Бацька з дубінай, —
Вось вам комэд‘я.
Зімка. Зьнік хлопец,
Дзеўка ўжо „мамай“,
Сьлёзы… Палонка, —
Вось вам і драма.
Сьвет людзі-шэльмы
Крадуць, лгуць шчыра,
Чэсны поэта, —
Вось вам сатыра.
Двор, хорам панскі;
Вада-парада, —
Добрасьць, пачцівасьць, —
Вось вам баляда.
Сьвіньні, падпасьвіч,
Лапаць, парцянка,
Непагадзь, золка, —
Вось і сялянка.
Добры пан, пані;
Корміць іх ласка
Бедных, галодных, —
Вось вам і казка.
Пан, хам і поле,
Праца, нястатак…
Тры аплявухі, —
Вось і канчатак.
1906 г.
|