Ёсьць месца, дзе ўпоўнач над рэчкай,
Пакуль йшчэ пявун не пяе,
Выходзе здань дзіўная з віру
І творыць варожбы свае.
Таемныя знакі рукамі
На ўсход і на захад кладзе,
Як быццам каго заклінае
Ці песьню на мігі вядзе.
Сьцюдзёная льлецца вадзіца
Па целе з распушчаных кос,
А вочы блішчаць, як дзьве зоры,
А вочы глядзяць да нябёс.
І рыцар у тую часіну
На белым агністым кані
Над вірам зьяўляецца зьнекуль,
Ці проста выходзіць з зямлі.
З каня свайго злазіць і к здані
Падходзіць, галубіць яе,
У мокрыя косы цалуе,
Яна-ж толькі нема пяе.
Хто ў час той заблудзіць тудою, —
Спужаецца сам, задрыжыць,
І здань ад яго уцякае,
У віравы сховы бяжыць.
А рыцар маланкай садзіцца
На быстрага свога каня
І нікне у цемры паўночнай,
А з ім — і трывога уся.
Шмат чутак аб віры і зданьнях
Чуваць у народзе здаўна;
Што праўда, няпраўда — ня знаю…
Мне ўспомнілась чутка адна.
Былі сабе ў бацькі тры дочкі,
Як кветкі прыгожы былі,
А меншая ўсіх прыгажэйша,
Другой не знайсьці на зямлі.
Жылі і нядолі ня зналі —
Свабодна, як рыбкі ў вадзе,
А толькі малодшай паціху
Зайздросьцілі старшыя дзьве.
Раз неяк тудою князь ехаў,
Што бітвамі славу прыдбаў;
Заехаў да іх на папаску,
Заехаў — і іх спадабаў.
Адну з трох за жонку ўзяць хоча,
Катору — ня знае і сам,
І князя яны спадабалі…
Вучыць, як-то кажуць, князям.
Вось ён ім і кажа загадку,
Работу такую дае:
Вазьму я з вас тую за жонку,
Каторая лепей сьпяе.
Запелі дзьве старшыя князю,
Запелі, як той салавей;
Запела малодшая князю,
Запела ад тых прыгажэй.
І меншую выбраў за жонку,
Чакаці ёй кажа сватоў;
Сам ладзіцца едзе к вясельлю,
Склікаці гасьцей і дружкоў.
А старшыя думаюць сёстры,
Як зьвесьці малодшу сястру, —
Атрутай няшчасную пояць
І кідаюць цела ў віру.
Як страшнае скончылі дзела,
Напаў і на іх самых страх:
Адна паляцела на захад,
Другая на ўсход знашла шлях.
Князь едзе з дружынай у сваты
І з скарбамі княства свайго…
Находзіць маркотнага бацьку, —
Дачок не знаходзіць яго.
Дружыну сваю князь кідае,
Пушчаецца ў сьвет сам адзін
Шукаці сваёй наймілейшай,
Шукаць да апошніх часін.
За годамі годы плятуцца…
Што далей, ня знаю, было,
Адну толькі чутку аб віры
Сказаць вам на памяць прышло.
23-I—14 г.
|