Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/V/Песьня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Братка і сястрыца“ Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Адступнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня (Ах, адкуль жа гэта вестка…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ

(З народных мотываў)

Ах, адкуль-жа гэта вестка,
Што ўдовіна нявестка
Мужа роднага зраклася
І чужому прадалася,
Як пайшоў муж на вайну
Ў чужа-дальню старану?

Спадабала маладога,
Як яшчэ ў жыцьці нікога, —
У садочак з ім хадзіла,
Зоркі ясныя сачыла.
Не знаходзіла аднэй,
Што сьвяціці мела ей.

А удоўка сыну піша,
Што нявестка ўжо калыша
У калысачцы малое
Не яго, але чужое…
Прыяжджай хутчэй, сынок,
Бяры жонку пад замок!..

Не бядуй, удоўка-маці, —
Ўсёй бяды не зьбедаваці —
З чужа-дальняе старонкі
Сын твой вернецца да жонкі,
Будзе суд над ёй судзіць,
Як з другімі ў сад хадзіць.

Стаў пісьмо сынок чытаці,
Што пісала ўдоўка-маці;
Каня быстрага сядлае,
І дахаты пасьпяшае,
Дзе яго чакае ўжо
Маці, жонка і дзіцё.

Як прыехаў ён дадому,
Ня йшоў кланяцца нікому,
Толькі жонку сваю ўбачыў,
Як над дзіцем горка плача. —
Даставаў ён востры меч,
Галаву зьнімаў ёй з плеч.

З маткай роднаю страчаўся,
Ня вітаўся, не прашчаўся,
Не маліўся спасу-богу,
Зноў каня сядлаў ў дарогу, —
З ветрам буйным ехаў жыць,
Галаву навек злажыць.

2-VII—13 г.