Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/V/Буслы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Забытая карчма Буслы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Першы сьнег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буслы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУСЛЫ

Падчысьціла Ўзьвіжаньне ўсю зямлю шчыра,
Ліст зводзе хмызьняк заскаруслы…
Зьлятаюцца буслы к адлёту у вырай,
На сходку зыходзяцца буслы.

Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
За прасла пашчэпліваў прасла, —
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
Пакуль дню лучына ня згасла.

Хто млечны шлях ноччу дагледзіць, ня зблудзе,
Хто мора адмерыць крыламі, —
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
Той вылеціць ў вырай бусламі.

Клякочуць, хлапочуць, і крыльлі і скабы
Сусед аглядае суседа,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
Хто болей, хто меней сьвет зьведаў.

Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,
Сьціхае гамонка-клякотка.

Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыльлі…
Бач, бусел адзін стаіць хмуры, —
Яго аднаго усе неяк забылі,
Адзін ён ня зьмесьціўся ў шнуры.

Стаіць і чакае сабе прыгавору, —
Знаў — буслава сходка ня сьмешкі…
Ой, болей яму не пабачыці мора,
Ня бачыці выраю сьцежкі!

Ізноў ўсклекаталі крылатыя сябры:
Ён слабы, ня наскага міру!
Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жэбры!
Сьмерць буслу, няздатнаму ў вырай!

Сьмерць! сьмерць!.. Задымела пуховае пер‘е,
З-пад сэрца кроў хлынула стужкай…
І, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязьмер‘е
Ўзьняліся за дружкаю дружка.

Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
Плыў з клёкатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
Спавіўся ў туманныя хвалі.

А там, а за выганам сьцелецца поле,
На полі рассыпаны косьці,
Над косьцямі вецер гуляе, скаголе,
Груган залятае у госьці.

А там, ля касьцей залаціцца пярсьцёнак,
А надпіс чужой на ім мовай:
„Як вернеша бусел з нязнаных старонак —
Ка мне мілы вернецца ўзнова…“

14-XI—18 г.