Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Сон

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Коціцца крыніца… Сон
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Для Бацькаўшчыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сон (Заглянь, сынок, у соньнік…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОН

Заглянь, сынок, у соньнік,
Сон мела я пусты:
Прысьніўся мне сасоньнік
Такі густы, густы.

Па ім ішла я ўночы,
За мною зводы йшлі
І зазіралі ў вочы,
І ціснулі к зямлі.

Шапталі штось над вухам,
Спляталі плот з імгліц,
Абхутывалі пухам
Сасонічых ігліц.

Вадзілі па канавах,
Заломах, бадылёх,
Па хворастах крывавых,
Распаленых вуглёх.

Далей, вялі адтуля
Між пнёў гнілых кам‘я,
Дзе сьпіць твая бабуля,
Дзе маці сьпіць мая.

Кіўнулі на абліплы
Сплясьнеўшым мохам крыж,
Захіхаталі сіпла
І счэзьлі недзе ўзвыш.

За імі і сасоньнік
Захіхатаў глухі.
Дык глянь, сынок, у соньнік,
Што значыць сон такі?

8-XI—18 г.