Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Песьня (Там, гэй, на ліпе на расахатай…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзьве долі Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Крыўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня (Там, гэй, на ліпе на расахатай…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ

Там, гэй, на ліпе на расахатай
Птушка гняздо ўе, будуе;
Там, у хаціне, там у пахілай
Маці сыночка гадуе.

Вецер наскочыў, вецер нячулы,
Птушцы гнязьдзечка раскінуў;
Выгнала доля, выгнала сына
З матчынай роднай хаціны.

Цьвіркае птушка, жаліцца птушка,
Вецер, жыцьцё праклінае;
Плача матуля, плача, галосіць,
Сына ў вакне выглядае.

Там, за хацінай, там, каля плоту,
Ліпа шуміць у гародзе
І аб тэй птушцы і аб матулі
Песьню ў пашуме заводзе.

Ходзяць там людзі, ходзяць грамадай,
Б‘юцца, ўпіваюцца, скачуць, —
Ані тэй птушкі, ані матулі,
Ані тэй ліпы ня бачаць.

12-IX—08 г.