Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе,
Яе — ня ўцямлю — шчасьце ці сваё няшчасьце…
Час быў такі, калі ўжо першы певень устае,
Злодзей сьмела з ложа выпаўзае красьці.
На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар,
З-над воблакаў сьцікаўся, быццам-бы ён шляху
Свайго ня мог знайсьці паміж расплаканых там хмар,
Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху.
Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну,
Сьвятло ў вакнох адно ўсьлед за адным канала;
Дзе-не-дзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну
Ды спозьнена павозка дзіка ляскатала.
У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,
Як-бы напяты былі там людзкія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож;
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы.
Здалёку ад чыгункі данасіўся сьвіст-выцьцё,
Ўпіваючыся ў сэрца вытачанай стальлю,
Як-бы з тым сьвістам адлятала шчасьце і жыцьцё,
І гінуў нехта наймілейшы там — за дальлю.
Аб сьцены рэха стукалася ад хадзьбы маей, —
Цагляны мур сачыў за мною бязупыну;
Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей
Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў.
За крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,
На заміраючы да заўтра горад грэшны,
І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань, —
Такі бясьсільны, пазабыты, бязуцешны!
Думкай думка джгалам сьвідравала галаву:
Што ёсьць, няма, — судзіў суды і перасуды, І думаў ўсё: зашто, нашто сябе на часьці рву,
Калі за гэта маю толькі камняў груды?
Так сноўдаўся па вуліцы і сам згараў ў сабе…
…Іду і чую: тут з-за муру, ў сутарэньні
Рагоча музыка, як сумашэдшая ў кляцьбе,
Пад музыку — бражджаньне ног, грудзей хрыпеньне…
І жутка стала!.. Ёсьць-жа яшчэ людзі на зямлі,
Што могуць дзіч сабой зьмяніць і весяліцца,
Ня бачачы сваіх бяспутнасьцяй, што іх змаглі
І душаць адусюль, як зьмеяў навальніца!
З нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой,
Пад зьдзекам рабскія свае сагнуўшы шыі,
А там, на акрываўленых палёх крывёй людзкой,
Нявольнік для нявольніка грабніцу рые.
Стыд спанаваў мяне, што я на вуліцы тэй быў,
І аддаваўся нейкай візьі ўсёй душою, —
Тым горкім думам аб сабе і сэрцу тым, на зьдзіў
Так заўладаўшым маім сэрцам-сіратою.
15-II—15 г.
|