Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Ўсюды лета…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Летам Ўсюды лета…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Дунулі сіверы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ўсюды лета…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЎСЮДЫ ЛЕТА

Ўсюды лета, лета,
Гулі строіць сонца,
Шалясьціць зялёны
Колас на саломцы.

Выйдзі, закрасуйся,
Як зара да ўсходу,
Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу!

І з праменьняў яркіх,
Яркіх зіхацістых,
Ты сатчы апратку,
Як-бы з кос агністых.

З васілёчкаў сініх,
З муравы зялёнай
Ты спляці вяночак,
Ты спляці карону.

У серабрысты росы,
Бы ў брыльлянты тыя,
Ты ўцьвяці убор свой,
Шаты залатыя.

Заясьней, зардзіся
Ў славе неразьвеўна,
Нібы дзіва тое —
Ў казцы каралеўна.

Пакажыся сьвету,
Сьвету ды народу,
Родная старонка,
Як зара да ўсходу!

19-VI—13 г.