Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/III/Прымакі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўлінка Прымакі
Камэдыя
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прымакі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫМАКІ

СЦЭНІЧНЫ ЖАРТ У АДНЫМ АКЦЕ

АСОБЫ:

МАКСІМ КУТАС

ПАЛАНЕЯ — яго жонка.

МАЦЕЙКА — іх сын.

ТРАХІМ СІНІЦА

ДАМІЦЭЛЯ — яго жонка.

КАЦЯРЫНКА — іх дачка.

ВУРАДНІК

СОЦКІ

СЯЛЯНЕ, СЯЛЯНКІ

Дзея адбываецца ў часе, калі былі манаполькі, на другі дзень сёмухі, у хаце Трахіма Сініцы.

ЗЬЯВА І

МАКСІМ (адзін)

МАКСІМ

(ляжыць на ложку і разглядаецца па хаце)

Цьфу, каб цябе паляруш! Куды мяне, самдзеле, загнала нядобрае? Ці гэта я жыву, ці гэта я ня жыву, ці гэта я толькі сон сьню? Папрабую сам сабе па носе стукнуць, а ну-ж пазнаю, на каторым я сьвеце. (ударае сябе па твары рукой). Ай, баліць, каб цябе немач! Значыцца, я на гэтым сьвеце і, нават, ня сплю. Але як тут споўзаць па розум да галавы і навясьці спраўку, куды мяне ліхаманка з сваёй хаты перавалакла? Бо-ж такі хата гэта не мая, як сабе, мае міленькія, хочаце. У маёй хаце павуціньне па ўсіх чатырох куткох, а тут бачу толькі на трох… У маёй — абразы: Юры на белым кані з доўгаю пікаю і Мікола ў бляшанай шапцы; а тутака, праўда, Юры ёсьць, але на месцы Міколы вісіць „Страшны суд“. Брр! Які ён, самдзеле, страшны, гэты „страшны суд“! І давялося-ж мне папасьці ў хату з гэтым судом страшным! Пачакайце! Як гэта вышла? Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі-ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні. Раніцай еў бліны. Пасьля спаў да паўдня; устаўшы, паабедаў ды йзноў хацеў легчы, але тут і вышла закаклюка. Мая Паланея, як распаланелася на ўсю сваю моц, дык і сон мой прапаў аж да часу, калі я ўжо ня помню, як апыніўся на гэтым вось чужым ложку. Дзе-ж! Трэба ведаць! Прычапілася — канечна, каб я вёў кабылу пасьвіць. Нашла пастуха! Я кажу — не павяду! Яна кажа — павядзеш! Я кажу — не мяшайся ў маю гаспадарку! А яна і паехала-паехала: а ты сякі-такі, а ты — ламака, а ты — абібока, а ты… а ты!.. Каб цябе ня знала, а пашла за Трахіма Сініцу, як ён да мяне сватаўся, дык-бы паняй была, а за табой, дурнем… Як сказала яна „дурнем“, ну дык, мае міленькія, хто-ж гэта вытрымае? Калі-б хто і папраўдзе быў дурань, дык не засмакуе, каб яму ў вочы гэткі чын давалі — ды яшчэ хто? Родная-раднюсенькая жонка! Ну, як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе… А яна — тут успамінаючы, ня дзяга, а мая жонка — вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце-ж рады! Паліў я гэта яе — значыцца, мешалку, а ня Еву — колькі раз, на дробныя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыдзе што да чаго, дык — на табе, і ёсьць! І каб цябе ліхаманка, яшчэ выдумалі стаўляць гэтыя мешалкі ў качарэжніку, каля парога. Значыцца, як угледзіў я, што мая баба бярэ гэты — згінь-прападзі! — пісталет бярозавы, ну, а я… што—ж я? Бачу, што непераліўкі, схапіў браварку пад пахі і, трымаючыся за паясьніцу — гэта, каб ня спутала мяне самая патрэбная рэч, — ды гэтак: скакель праз вакно! Балазе, што хоць было адчынена. Ня думайце, мае міленькія, што гэта я сьперапугу задаў так лататы. Гэта я так сабе, як вам сказаць, на далікатны манер пусьціўся. Я-ж, як самі бачыце, пэўна, што не баюся. Ды што-ж бы было, каб даведаліся суседзі, што я ў сваёй аздабулькі пад хвартухом сяджу? Я не такі трус, як гэты Трахім Сініца: чуць яго Даміцэля мешалкай памеціцца, дык ён са страху аж дрыжыць. Ну, значыцца, як гэта я спакойна сабе выбег з хаты, узяў ды пашоў памаленьку на сяло. Дзягу на сваім месцы замацаваў, бравэрку на плечы накінуў — гэта, значыцца, каб форсу больш было, — іду сабе па вуліцы, як нішто ні ў чым. Падходжу пад манапольку, глядзь — сядзіць мой Трахімка Сініца на ганку і трымае поўквартачкі ў руках, гарэлачка й шкло аж пераліваецца на сонцы! „А мой-жа Кутасок! — гэтак ён да мяне: — садзіся, кумочак-галубочак! А то я думаў-думаў, з кім-бы гэту палавінку ды яшчэ на палавінку перакрышыць?“ Ну, а я, канечна, чалавек натуры няўпарчывай: чаму-ж, думаю сабе, ад добрага суседа ласкі ня прыняць? (Пазяхае). Ха-ха-ха! Нешта йзноў спаць хочацца. (Сонна). Селі мы гэтак сабе — я і Трахімка — асушылі паўквартачкі адну, другую, трэцюю. Сядзелец — каб яму і ў пекле здароўе было ды панаваньне — вельмі падатлівы ў нас: і ў нядзельку гарэлачкай таргуе, хоць гэта, кажуць, закон і забараняе. Вось цяпер, значыцца, і ня помню, як я ў гэту не ў сваю хату папаў. Ведаю, што за нешта рукі пабілі, барыш нейкі пілі, цалаваліся. Трахімка сьлязу пусьціў, і я ня вытрываў, размасьліўся, а там… а там, хоця лопні, нічога ня ведаю!.. (Праз сон). Можа як засну, дык прысьню, хто я й дзе я?.. (Засыпае).

ЗЬЯВА ІІ

МАКСІМ — КАЦЯРЫНКА

КАЦЯРЫНКА

(адзеўшыся пасьвяточнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве, убягае ў хату, напяваючы)

Ой, чуць, маці, чуць,
Дзе малойцы п‘юць!
Вясёлая там вуланька,
Куды яны йдуць.
А знай, маці, знай,
Дачку замуж дай!
Ня дай мяне за п‘яніцу,
Посьле-ж будзе жаль.
Дачушка мая,
Родная мая.
Шукай сабе, выглядывай —
Яшчэ-ж малада!
Матулька мая,
Родная мая!
Я й шукала, выглядала
І ўжо выбрала.

(Круціцца перад люстэркам і прышпіляе да грудзей кветкі)

Ха-ха-ха! Якраз, як маладая да шлюбу, сягоньня я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота-ж уцешыцца! Ох, і ўмее-ж ён абнімацца й цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо — на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае, як падсмалены. І нячысьцік яго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісьне, ажно неяк млосна-млосьненька робіцца. А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе). Ай, гэта-ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пашоў. Ну, добра, што хоць сьпіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то было-б паранкі і мне і Мацейку за такую маю гутарку.

(Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае).

У гародзе качка,
За гародам качка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не дварачка!
У гародзе мята,
За гародам мята.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не багата!
У гародзе птушка,
За гародам птушка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не падушка!
У гародзе вішня,
Ля вішні — чарэшня.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не яешня!

Ха-ха-ха! Хоць я не яешня, а пэўна, як глядзіць на мяне, дык сьлінкі так і цякуць. Каб толькі папусьцілася, дык зьеў-бы мяне і не аблізаўся-б нават.

У гародзе дзічка,
За гародам дзічка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я невялічка!

Ой, ой! Хоць я і невялічка, але добра ўжо ведаю, чаго хлапцом ад мяне хочацца.

У гародзе хатка,
За гародам хатка. (Глянуўшы ў вакно).
Ой, ідзе ўжо мая мамка —
Будзе вайна з таткай.

ЗЬЯВА III

МАКСІМ — КАЦЯРЫНКА — ДАМІЦЭЛЯ

ДАМІЦЭЛЯ

(уваходзіць з судамі вады і стаўляе іх каля парога на прылаўку. Да Кацярынкі)

А ты гэта, сарока, чаго так ухмыляешся да люстэрка, як серада на пятніцу? Звалаклася недзе, а тут аднэй мне хоць падарвіся: ні вады каму прынесьці, ні ў хаце прыбраць. Зараз-жа мне хату замятай! (Порацца качаргой у печы).

КАЦЯРЫНКА

(замятаючы хату)

Чаго, мамка, разьехалася, як прачыстая па сенажаці? Я-ж не сядзела, рукі злажыўшы. (Расьцягваючы) У-ста-ла, памы-ла-ся, павяла ця-луш-ку, напасьвіла, назьбірала кве-та-чак і вяночак спляла! (Кідае венік, зьнімае вянок і хоча назець яго матцы). Паглядзеце, які харошанькі! А як ён мамцы йдзе да твару! Даліпантачкі, хоць да шлюбу мамку вядзі! Каб татка ўгледзіў, вота-б пацалаваў з любасьці!

ДАМІЦЭЛЯ

(зрываючы вянок)

Адчапіся, назола! Я ўжо на каптур замяніла свой вянок у царкве, а ты, з вялікай рызыкі, каб толькі ня згубіла свайго дзе пад плотам.

КАЦЯРЫНКА

(ізноў налажыўшы сабе вянок на галаву, замятаючы хату)

А скажэце, мамачка: ці гэта ня ўсё роўна будзе, ці вянок у царкве на каптур прагандляваць, ці згубіць яго пад плотам? А мо' і мамка перш згубіла, а пасьля памяняла?

ДАМІЦЭЛЯ

Замятай вось лепей, а не мялі языком, як калатоўкай! Яшчэ молада ўсё ведаць — што трэба й што ня трэба.

КАЦЯРЫНКА

(круцячыся з венікам і прыпяваючы)

Сама хату падмяла,
Сені выпратала;
Сама сябе палюбіла,
Сама высватала.

ДАМІЦЭЛЯ

Пацеры ці згаварыла, што так выкручваешся, як скурат на агні? Бяры настольнік і засьцялі стол! Сьнедаць даўно ўжо пара.

КАЦЯРЫНКА

(засьцілаючы стол)

А мамка тату будзеце, а то ўсю гаспадарку сваю прасьпіць.

ДАМІЦЭЛЯ

(стаўляючы на стол яешню і бліны)

Глядзі, каб ты толькі сама сябе не праспала, а за бацьку ня бойся!

КАЦЯРЫНКА

(глянуўшы на яду)

Ого! Мамка сягоньня бліноў і яешні напякла.

ДАМІЦЭЛЯ

А нешта ж ты ня ведаеш, што сягоньня толькі другі дзень Сёмухі? (Ідзе да ложка і будзіць МАКСІМА). Трахім! Трахім! Уставай! Годзе табе адлежваць бакі! Паўдня ўжо на двара! На стале сьнеданьне! Уставай! (Прыглядаючыся да бравэркі). Адкуль ён гэту бравэрку сьцягнуў? Гэта-ж ня наша! Паглядзі, Кацярынка!

КАЦЯРЫНКА

(прыглядаючыся)

Але-ж, ня наша! Мусіць, тата памяняў з некім, як мамка вянок на каптур.

ДАМІЦЭЛЯ

Ды ўжо-ж недзе памяняў, бо ўчора, апоўначы, п‘яны прышоў, чуць памагла на ложак узабрацца. (Тузаючы МАКСІМА). Уставай-жа, каб ты ня ўстаў! А то зараз мешалкай.

МАКСІМ

(усхапіўшыся і хрысьцячыся)

Цьфу, ізноў мешалка! Каб яе пярун пашчапаў!

(ДАМІЦЭЛЯ і КАЦЯРЫНКА адскакваюць ад ложка, зьдзіўленыя, перапуджаныя).

ДАМІЦЭЛЯ

разам.
Гэта-ж не Трахім!

КАЦЯРЫНКА

Гэта-ж ня тата!

МАКСІМ

(праціраючы вочы, у бок)

На табе! Хата чужая, баба чужая, а заместа майго ўласнаручнага сына — нейкае спаднічнае стварэньне! Вось так папаўся ў нерат — ні ўзад, ні ўперад! Ну, Максім! Ламі мазгі, каб не прапаў саўсім.

ДАМІЦЭЛЯ

(прыгледзеўшыся)

Ды гэта-ж наш кум — Максім Кутас!

КАЦЯРЫНКА

Ха-ха-ха! Татка на дзядзьку Максіма перакуліўся! Ха-ха-ха! Тата — ваўкалак, ваўкалак!

МАКСІМ

(ахіліўшыся бравэркай, садзіцца на ложку)

Што я тут бачу? Гэта-ж Трахімава хата і яго баба! (Да ДАМІЦЭЛІ). А мая-ж Даміцэлька! Ці ня ведаеш, якім-такім манерам я сюды папаўся?

ДАМІЦЭЛЯ

Я зараз манеры выганю васпану з галавы! Дзесятаму закажаш, як чужых жонак поначы ашукваць. (Ідзе ў качарэжнік і бярэ мешалку).

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Быў адзін тата, а цяпер аж два! (Да МАКСІМА). Мусіць, дзядзька, сягоньня кепска з мамкай вянок на каптур гандляваў, дык яна хоча прыдатку даць.

МАКСІМ

(чухаючы галаву)

І ўпутала ж мяне нядобрае ў гэту авантуру! Яшчэ з гэтай бабай можа й дам як-колечы рады, але што будзе, як мая Паланея ды Трахім даведаюцца? А тут яшчэ гэты, як на безгалоўе, „Страшны суд“ вісіць на сьцяне! (Да ДАМІЦЭЛІ). Кумачка, Даміцэлька! Кінь ты гэту мешалку: я сваёй маю аж вось пакуль! (Паказвае на шыю).

ДАМІЦЭЛЯ

(прыступаючы да Максіма з мешалкай)

Я цябе пытаюся: чаго ты ўбіўся ў чужую хату? Га?

МАКСІМ

А я ў свацьці пытаюся: чаго я ўбіўся ў чужую хату?

КАЦЯРЫНКА

Ха-ха-ха! А я ў мамкі і дзядзькі папытаюся, чаму ў мяне цяпер два таты?

ДАМІЦЭЛЯ

(чуць не галосячы)

А божухна мой, бацюхна! і собіла-ж, каб гэтакае ліха ні за што, ні пра што звалілася на маю галаву?! Гэта-ж, як даведаюцца на сяле, на вуліцу нельга будзе паказацца: вочы заплююць. Ды яно й варта: маю, дзякуй богу, свайго чалавека, хоць у гадох, але хай так яшчэ й малады дакажа; дачку аддавай хоць у пятніцу замуж, а тут — на табе! — гэты чорт! І каб я хоць пальцам на яго калі кіўнула. (Трасучы мешалкай). І-і, лабідуда няшчасны! Чаму ты, ідучы сюды, галавы сабе не зьбяёдаў або кастылёў сваіх не павыкручваў?!

МАКСІМ

Чаму лепей мяне маці малога, у начоўках купаючы, не ўтапіла, чымся я меў дачакацца гэтакага сораму? Сам я, дзякуй богу, не маладзёначак, сын каля дзевак юрыць ды свая кабеціна яшчэ ня зломак, хоць, не раўнуючы, палі забівай, а тут — на табе! Яшчэ гэта з мешалкай, ведзьма кіеўская!

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Ужо мы з Мацейкай сваякі!

ДАМІЦЭЛЯ

Што я скажу — як даведаецца — свайму Трахіму?

МАКСІМ

Куды я дзенуся — як даведаецца — ад сваёй Паланеі?

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Як гэта я, пасьля такога сваяцтва, буду цалавацца з Мацейкай?

ДАМІЦЭЛЯ

(з рызыкай)

Гэта ты ўсё, гад, наварыў гэтай саладухі, каб цябе зямля не насіла, абібок пракляты! Бяссорамнік! А яшчэ — кум! Хоць-бы пайшоў, злыдзень, дамоў у сваёй пары, каб мае і людзкія вочы ня бачылі!

МАКСІМ

Ня я, а ты, ведзьма, вінавата! Нарабіла пекла і маёй і сваёй хаце, ды яшчэ рызыкуе. Нашто пусьціла на свой ложак, калі бачыла, што гэта я — ня я?

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Шкода, што мамка дзядзьку падсаджвала!

ДАМІЦЭЛЯ

(заламаўшы рукі, сьлязьліва)

І што тут рабіць, што чыніць? Ня будзе ўжо мне жыцьця з Трахімкам, на векі-вечныя ня будзе! Прапала маё сумленьне кабечае, за німашто прапала! Асталася адна сьцежка-дарожка: пайду ўтаплюся ды ўсё тут! Хай мяне ўжо цяпер халодная вадзіца галубіць, а ня мой саколік, Трахімка. (Плача, абапёршыся на мешалку).

МАКСІМ

Страшны суд будзе дома, ох, на усё жыцьцё маё страшны! Не зазнаць ужо мне на векі-вечныя дабра і спакою са сваёй Паланейкай. Які я цяперака к чорту муж яе? Як там ня было, а ўсё такі перажыў век паводле боскага прыказаньня, хоць мо‘ і былі якія грашкі тайныя, але не такія-ж ужо яўныя! А цяпер… цяпер адно збаўленьне асталося для сьвятога яе і майго спакою: дзяга ёсьць, пайду і павешуся. Хай пятля раменная маю шыю абыйме заместа ручак цëпленькіх маёй Паланейкі. (Зьвесіў галаву і задумваецца).

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

На табе, баба, груцы з бобам! Да нашага сваяцтва з Мацейкам прыбудзе яшчэ жалоба.

ДАМІЦЭЛЯ

Нічога такі іншага ня выходзіць: пайду тапіцца! Апошнія мінуты прышлі майго жыцьця. (Да КАЦЯРЫНКІ). Як прыдзе татка, то скажы, дзеткі, што ўтапілася вось праз гэтага… Дзе мая толькі хустка? (Шукае хустку).

МАКСІМ

Няма інакшае рады: пайду павешуся. Апошні канец на мяне прышоў. (Да КАЦЯРЫНКІ). Як убачыш, Кацярынка, маю Паланею, дык скажы, галубка, ёй, што я павесіўся вось праз гэту… Дзе толькі мая шапка? (Шукае шапку).

ДАМІЦЭЛЯ

(закручваючы хустку)

Бывай здарова, дзеткі. Кланяйся тату! (Хоча выходзіць).

МАКСІМ

(надзяваючы шапку)

Бывай здарова, Кацярынка! Кланяйся маёй Паланеі! (Хоча выходзіць).

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Я думала, што яны жартуюць, ажно такі папраўдзе шукаюць гуза. (Забягаючы ад парога да Максіма і Даміцэлі). Што гэта вы? За ноч клёпкі ўсе ў галаве пагублялі? Мала аднаго граху, дык хочаце яшчэ другі на душу браць! Вось лепей памірэцеся ды думайце, як з гэтай бяды выкараскацца, каб воўк быў сыт і каза цэла. Сьнеданьне на стале застыне, зглуміцца, а яны скарэй вешацца, тапіцца! Калі ўжо так ня хочаце мірыцца, то хоць бяз міру пад‘ежце, тады і работа складней пойдзе, як пацяжэеце. А памойму, лепш не сьмяшаце людзей і ўсё тут!

ДАМІЦЭЛЯ

А мо‘ і праўду кажаш, Кацярынка? Што ты, кумок, на гэта?

МАКСІМ

Дый, памойму, свацейка, гэтак лепей будзе… У жываце маім ужо даўно салаўі пяюць. Пасьнедаем, а там…

ДАМІЦЭЛЯ

Такі-ж пасьнедаем, а там…

КАЦЯРЫНКА

А там мамка новы каптур пашые для таты, а дзядзька новую мешалку зробіць для цёткі. (Усе садзяцца за стол і сьнедаюць).

ДАМІЦЭЛЯ

(пакручваючы сквараду)

Вось, кумок, з гэтага боку лепшая скварка! Не саромся, бяры і еж на здаровейка!

МАКСІМ

(пакручваючы сквараду)

Ня турбуйцеся, кумка! Лепей ты яе бяры. Мне пасьля ўчарашняга неяк ні сёе, ні тое. Адным словам, праўду свацьці скажу: залішне выпіў.

ДАМІЦЭЛЯ

Праўду, кумок, кажаце! Я сама гэта заўважыла, што трохі слаб быў на нагах. Куму пахмяліцца-б ня шкодзіла.

МАКСІМ

Сам анёл-пацяшыцель падсказаў кумцы гэту думку! Усё роўна як-бы ты, Даміцэлька, у маёй душы сядзела й падслухала, чаго ёй хочацца.

ДАМІЦЭЛЯ

Ай! Уто-ж я дурная! Гэта-ж і ёсьць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня Сёмухі прызапасіў поўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася. Прынясі ты, Кацярынка, пляшку і чарку: там-у лыжачніку знойдзеш.

КАЦЯРЫНКА

(прыносячы поўквартоўку й чарку. У бок)

Вот і салодкую гарэлку будзем піць!

ДАМІЦЭЛЯ

(наліваючы і падсоўваючы чарку Максіму)

Выпі, кумок, каб на сэрцайку палягчэла! Я-ж дык і з роду ня піла і ня п‘ю.

МАКСІМ

А мая Паланея часам любіць пацягнуць. (Выпіваючы). За тваё здароўе, кумка, і тваё, Кацярынка! (Маргаючы да ДАМІЦЭЛІ). Можа-ж некалі сваяўство якое зьвядзем. У мяне — Мацейка, у цябе — Кацярынка, а там (штурхаючы ДАМІЦЭЛЮ ў бок), як ведаеш, кумка, і да царквы недалёка.

ДАМІЦЭЛЯ

Яно-ж так! Што каму суджана, дык і пехатой таго не абойдзеш і з канём не аб‘едзеш. Што ж? Мая Кацярынка, як сам, кумок, бачыш, нікому ня ўступіць і з розумам і з рукамі.

КАЦЯРЫНКА

(закручываючыся хвартухом)

А я яшчэ замуж не хачу, і Мацейка, я ведаю, жаніцца ня хоча!

МАКСІМ

А я нешта другое заўважыў па табе і па Мацею там, у садзе. Помніш? Ха-ха-ха! Засаромілася!

ДАМІЦЭЛЯ

Трэ было, кумок, кіем даць хлуду добра аднаму і другому. Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабой. Яшчэ малако матчына на губох ці абсохла.

МАКСІМ

А, кумка, помніш, як мы гэта калісь… у поле яшчэ ганялі… Хэ-хэ-хэ!

ДАМІЦЭЛЯ

Ужо, кум, выпіў чарку і пачаў брахаць. Скажу Паланеі.

МАКСІМ

Толькі, кума, перш мешалку ад яе адкрадзь.

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Але дзе-ж гэта прапаў мой першы татка?

ДАМІЦЭЛЯ

Што ты кажаш?

КАЦЯРЫНКА

Я кажу, дзе падзеўся тата наш?

ДАМІЦЭЛЯ

А такі-ж праўда: дзе ён падзеўся? Гэта ўсё кум мне нарабіў! Як загаварылася, дык і на свайго забылася.

МАКСІМ

Ды і я тут пры куме заўлякаўся, а мая Паланейка недзе даўно прачакалася.

ДАМІЦЭЛЯ

Зьямо, кумок, ды пойдзем: я — шукаць свайго Трахімкі, а ты — сваёй Паланейкі. Ужо я раздумалася — не пайду тапіцца: вада яшчэ такая халодная.

МАКСІМ

І я ўжо раздумаўся — не пайду вешацца: дзяга яшчэ парвецца.

КАЦЯРЫНКА

І я раздумалася: пайду замуж за Мацейку, а то, чаго добрага, пасьля адрачэцца.

ДАМІЦЭЛЯ

Бач ты яе, чаго захацела! А пацеры умееш?

МАКСІМ

Нічога, кумка! Пацеры ня воўк — у лес не зьбягуць. А мой Мацейка — хлопец хоць куды! Яна смак чуе ў ім.

ДАМІЦЭЛЯ

Ну, кум ізноў пачынае сваё! Выпівай ды йдзем ужо. Дзе мая толькі мешалка?

МАКСІМ

(выпіўшы)

Ідзем, кумка. Удваіх усё такі сьмялей крыху. (Выходзяць; Даміцэля з мешалкай).

ЗЬЯВА ІV

КАЦЯРЫНКА (адна)

КАЦЯРЫНКА

Ха-ха-ха! Вось так камэдыя! Мамка тату згубіла, а дзядзька цëтку згубіў! Ха-ха-ха! Як знойдуць адно аднаго, уто будуць мешалкі ў рабоце! Ха-ха-ха! Каб цяпер Мацейка, барані божа, прышоў, то-ж бы разам пасьмяяліся. (Скача і прыпявае):

Хто у боб, хто ў гарод,
А хто ў саладуху.
Там, дзе двух, будзе трох;
Дасьць дзед бабе духу!

(Круцячыся перад люстэркам)

А на дварэ курта брэша,
Ка мне міленькі мой чэша.
Ой, ці чэша, ці ня чэша,
А мне сэрцайка пацеша!
А мо‘ трэба ўжо і мне
Да Мацейкі часаць?
А мо‘ лепей, а мо‘ лепей
Пачакаць, пачакаць?

(Папраўляе пасьцель на ложку)

Трэба пакуль што хоць ложак у парадак прывясьці, а то раскулдычаны, як-бы тут рота салдатаў спала! Ха-ха-ха!

Падушачкі, падушачкі,
Мае пухавыя!
Малодачкі, малодачкі,
Мае маладыя!

(Скача)

Каго люблю, каго люблю,
Таго пацалую,
Пухавую падушачку
Таму падарую!
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі позна,
Параскідаў, параскідаў
Падушачкі розна.
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі з места,
Паскладаў ён, паскладаў ён
Падушачкі ў месца.

(Чуваць ігру на скрыпцы. Кацярынка прыслухаўшыся)

На вуліцы скрыпка йграе,
Мяне-ж маці ня пускае;
Пусьці, маці, пагуляці,
Калі хочаш меці зяця!

(Ідзе к дзьвярам)

Нашто тое а, бэ, цэ,
Нашто тое слова, —
Калі мілы пацалуе,
То і я гатова.

ЗЬЯВА V

КАЦЯРЫНКА — МАЦЕЙКА

КАЦЯРЫНКА

(адскочыўшы ад дзьвярэй)

Гэта ты, Мацейка?!

МАЦЕЙКА

(са скрыпкай)

Гэта я, Кацярынка!


КАЦЯРЫНКА

Ха-ха-ха! Мацейка прышоў да Кацярынкі!

МАЦЕЙКА

Ха-ха-ха! І Кацярыну Мацейка дома адну застаў! (Абымаючы).

Кацярына рана ўстала,
у суседа запытала:
Ці ня відзеў, ці ня бачыў,
Хто хвартух мой паскудлачыў?

КАЦЯРЫНКА

(абымаючы Мацейку)

Мацей, ня дурэй,
Не дзяры сарочкі, —
Ня ты праў, ня ты ткаў,
А паповы дочкі.

Ха-ха-ха! А чаго ты прышоў, Мацейка,

МАЦЕЙКА

Да Кацярынкі ў госьці прышоў і… гарэлачкі прынёс! (Паказваючы поўквартоўку). Во!

КАЦЯРЫНКА

А за гэта сухой лазьні не дастанеш ад мамкі і таткі?

МАЦЕЙКА

Гэта толькі тата сягоньня дастане ад мамкі лазьні, бо дома не начаваў.

КАЦЯРЫНКА

І мой дастане, бо таксама дома не начаваў.

МАЦЕЙКА

Ха-ха-ха! Вось так аказія! Затое-ж мы вып‘ем з табой за іх здароўе.

КАЦЯРЫНКА

Вып‘ем, Мацейка! Але і за здароўе мамак нашых, бо каб не яны, дык як-жа б мы тут з табою выпівалі. Бачыш, і закуска нават гатова! (Падходзяць да стала і выпіваюць).

МАЦЕЙКА

Вып‘ем па адной!

КАЦЯРЫНКА

А пасьля і па другой!

МАЦЕЙКА

(абняўшы Кацярынку, прыпявае)

А, дзевачкі, і я ваш!
Пойдзем разам на кірмаш,
А з кірмашу дадому,
Ды ў ярную салому!

КАЦЯРЫНКА

(таксама)

Па саломе качалася,
Нічога мне ня сталася;
Зялёнае сена —
Яно мяне зьела.

МАЦЕЙКА

А цяпер вып‘ем па другой!

КАЦЯРЫНКА

А пасьля і па трэцяй!

МАЦЕЙКА

Дзяўчыначка чарнаброва
Паехала ў лес па дрова,
Паехала чорным бычкам,
Завязаўшы пастол лычкам.

КАЦЯРЫНКА

Я на ганачку стаю,
Сьлёзы коцяцца;
Дзеўкі замуж ідуць
І мне хочацца.

МАЦЕЙКА

А цяпер вып‘ем па трэцяй!

КАЦЯРЫНКА

А пасьля і па чацьвертай!

МАЦЕЙКА

Ужо не астанецца па чацьвертай!

КАЦЯРЫНКА

Дык і будзе годзе на расходзе!

МАЦЕЙКА

Чаму Каську ня любіць,
Калі Каська ладна:
Хвартух новы, паркалёвы,
Спаднічка ядвабна!

КАЦЯРЫНКА

Цераз рэчку, цераз стаў
Любіў мяне Станіслаў;
І я яго любіла,
Ды спаднічку згубіла!


МАЦЕЙКА

Ха-ха-ха! Як добра без старых загуляць трохі і пасьмяяцца!

КАЦЯРЫНКА

Але каб толькі з гэтага сьмеху ня вышла якога грэху?

МАЦЕЙКА

Як не захочаш, то і ня выйдзе. Але, ведаеш што? — пойдзем з табой таўкачыкі! Бо як трошкі я лыкну, дык тады бярэ мяне ахвота паскакаць.

КАЦЯРЫНКА

І мне таксама хочацца. Сып, Мацейка!

МАЦЕЙКА

Давай, Кацярынка! (МАЦЕЙКА скача таўкачыкі, а КАЦЯРЫНКА толькі памагае прыпяваць).

Шах-мах, таўкачыкі!
Шах-мах, асіновы!
А работы Максімовы!
Сем год валяліся,
Пакуль к ступе дабраліся,
Шах-мах, таўкачыкі!.. і г. д.
То у ніт, то пад ніт,
То у бердачка, —
Прыбівай, прыбівай,
Маё сэрдачка!
Не сядзі ля мяне
Ды ня братайся;
За ручанькі ня трымай
Ды ня радуйся!

КАЦЯРЫНКА

(разахвочная)

А цяпер — цыганку, Мацейка!

МАЦЕЙКА

Сып цыганку, Кацярынка!

КАЦЯРЫНКА

Лаві! (Надзявае шапку МАЦЕЕВУ і скача „цыганку“, МАЦЕЙ даганяе).

Я — цыганка маладая,
Я — цыганка не старая,
Знаю варажыць!
Э-эх! Знаю варажыць!
О, падай, Мацейка, ручку
Ды насып мне грошай кучку, —
Усю праўду скажу!
Э-эх! Усю праўду скажу!

МАЦЕЙКА

(злавіўшы Кацярынку і цалуючы)

Ха-ха-ха! А што, такі злавіў! Ужо з маіх рук ня выкруцішся!

КАЦЯРЫНКА

(цалуючы)

Паглядзім! Гэта яшчэ, як я захачу! (Уваходзяць ТРАХІМ і ПАЛАНЕЯ з мешалкай).

ЗЬЯВА

ТЫЯ-Ж — ТРАХІМ — ПАЛАНЕЯ

ТРАХІМ

(убачыўшы, як МАЦЕЙКА з КАЦЯРЫНКАЙ цалуюцца, да МАЦЕЙКІ)

А ты гэта, шэльма, што вырабляеш з маёй Кацярынкай?

МАЦЕЙКА

(адскочыўшы)

Я… я… нічога! Гэта мы… гэта мы з Кацярынкаю цыганку скачам.

КАЦЯРЫНКА

Так, так, татачка! Цыганку з Мацейкай скакалі. Вось яшчэ і шапка ў мяне на галаве.

ТРАХІМ

Каб толькі гэтак часам вы цыганят без пары не наскакалі? Глядзеце ў мяне!

КАЦЯРЫНКА

Татачка, я добра гляджу!

МАЦЕЙКА

І я ў шапку ня сплю!

ПАЛАНЕЯ

(да Мацейкі)

Ты таты ня бачыў?

МАЦЕЙКА

Я спаткаў — як татка з цёткай Даміцэляй пад нашу хату пайшлі!

ТРАХІМ

А мы з кумой пайшлі пад манапольку і такім манерам, значыцца, разьмінуліся. (Падыходзячы да стала). А гэта што за пляшкі?

КАЦЯРЫНКА

Гэта… гэта мамка з дзядзькам Максімам частавалася; ён у нас сягоньня начаваў.

ПАЛАНЕЯ

(у бок)

Ну, дзякуй богу, не я адна набралася граху!

ТРАХІМ

(у бок)

Эгэ! значыцца і мая Даміцэля не без таго, што і я? (Да ПАЛАНЕІ). Хадзі, кумка, пагасьці трохі ў мяне! Ужо твой недзе падзеўся, калі тут быў сягоньня.

ПАЛАНЕЯ

А чорт яго бяры, калі ён пусьціўся ў бадзяцкую скуру і дома не начуе!

ТРАХІМ

Ціха, ціха, кума! Лепей не ўспамінай! Вось садзіся, ды вып‘ем па чарачцы. (Дастае поўквартоўку й частуюцца з ПАЛАНЕЯЙ. МАЦЕЙКА з КАЦЯРЫНКАЙ у старане між сабою жартуюць).

ПАЛАНЕЯ

І собіла-ж куму ў нашу хату забрацца?

ТРАХІМ

Так, так! Але і куме надало упусьціць мяне?

ПАЛАНЕЯ

Як гэта вышла — розуму я ня прыстаўлю?

ТРАХІМ

І я, хоць ня з дурнога заводу, але нічога ня ўкемлю.

МАЦЕЙКА

Адным словам, без поўкварты не разьбярэш. Ха-ха-ха!

ПАЛАНЕЯ

(да Мацейкі)

А да цябе, поўкварта, калі ня п'юць, то і не кажы „здароў будзь“.

ТРАХІМ

Затое-ж, кумка, будзь здарова!

ПАЛАНЕЯ

На здароўе, кумок, на здароўе! (Выпіваюць).


ТРАХІМ

А цяпер можа паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам.

ПАЛАНЕЯ

Ды ужо-ж, кумок!.. Ці за адну вагу вісець ці за две — адна ласка. (Да МАЦЕЙКІ).Іграй, Мацейка!

МАЦЕЙКА

Мамка, як ня стыдна? Гэта-ж ужо мне з Кацярынкай лепей уходзе, як табе з дзядзькам…

ТРАХІМ

Не тваё дзела, блазьнюк! Іграй, калі кажуць! Бач ты яго, як разласаваўся да Кацярынкі!

МАЦЕЙКА

Ну, ужо буду! А што йграць?

ПАЛАНЕЯ

Рэж лявоніху!

МАЦЕЙКА

(у бок)

Папілі салодкую гарэлку, а цяпер і вясельле ім іграй. (Іграе лявоніху, а ТРАХІМ з ПАЛАНЕЯЙ скачуць).

Ой, Лявоніха, Лявона мая!
Несалоная капуста твая!
Ліха мачыха на пасынка была,
Несалоную капусту дала;
А пасынка дык і чорт не бярэ,
Несалоную капусту жара!

ЗЬЯВА VІІ

ТЫЯ-Ж — МАКСІМ — ДАМІЦЭЛЯ

ДАМІЦЭЛЯ

(кідаючыся з мешалкай да танцуючых)

А гэта што такія за гоцы ў маёй хаце?

ТРАХІМ І ПАЛАНЕЯ

(пакідаючы гульню)

Мы… мы… так сабе… паскакаць хацелі!..


ДАМІЦЭЛЯ

(да Трахіма)

Ты дзе гэта ўсю ноч прападаў?

ТРАХІМ

А ты, як мяне няма дома, дык з гэтым валочышся!!

ДАМІЦЭЛЯ

(трасучы мешалкай)

Я цябе пытаюся, бясстыднік! Чаму дома не начаваў?

МАЦЕЙКА

Цётка, так ня крычэце на дзядзьку: ужо мамка на яго накрычала і мешалкай настрашыла. Дзядзька ў нас начаваў.

ПАЛАНЕЯ

(схапіўшы мешалку сваю, да Максіма)

Ну, кавалерчык! Гавары мне, дзе ты сягоньня на начлезе быў? Га?

КАЦЯРЫНКА

Цётка, так ня пужай дзядзьку, ужо яму мамчына мешалка далася ўзнакі. Ён у нас начаваў.

ПАЛАНЕЯ

(да Даміцэлі)

Дык гэта ты мне, імасьць, зводзіш майго старога? Як табе стыду няма! Усё ведаю: яешняй частавала, бессаромніца і гарэлкай. Бач, якая гасьцінная!

МАЦЕЙКА

Мамка! І ты-ж дзядзьку частавала таксама — яешняй і поўквартай.

ДАМІЦЭЛЯ

(да Паланеі)

Ага! Дык вось якая, ясна пані, з сорамам! Чужых мужыкоў адбівае, ды яшчэ на вока выкідае, калі чалавек праз памылку зайшоў і заначаваў.

ТРАХІМ

Але-ж, міленькая, але, — праз памылку ў кумаву хату папаў. Прабудзіўся гэта я раніцай, а кума, каб ёй здароўе, будзе мяне мешалкай. І скажы, што я вінават?


МАКСІМ

Знаю тваю натуру, зладзюга! Праз памылку! Праз памылку! Напаіў мяне, а сам пайшоў у маю хату начаваць.

ТРАХІМ

А ня ты прынёс другую поўкварту, каб мяне спаіць? Га!? Можа скажаш — няпраўда? А тады — дзе-ж цябе нячысьцік занёс, як я добра выпіў?

ПАЛАНЕЯ

(да Даміцэлі)

Я думала, што маю куму і суседку дарэчную. Прыляціць, бывала: пазыч рэшата, пазыч чапялы! Усё давала, а яна вунь якія падступкі мне робіць. Мужа роднага адбівае!

ДАМІЦЭЛЯ

Але-ж, але! Добранькая, нечага сказаць! То ëй Даміцэлька пажынай, то памажы гной растрэсьці — і Даміцэлька, як магла, памагала. А яна адплацілася: каб каго — гаспадара апошняга звабіла! Варопаўка! Чаму яшчэ зямля цябе носіць?

ПАЛАНЕЯ

П‘яўка чорная! Чаму яшчэ на цябе сонца сьвеціць?

ДАМІЦЭЛЯ

Маўчы, бо бельмачы павыдзіраю!

ПАЛАНЕЯ

Калі табе ня зойме, кудлы ўсе выкудлычу!

ДАМІЦЭЛЯ

На табе! на табе! (Тыцкае хвігі).

ПАЛАНЕЯ

(таксама)

На! На! А што? — смачна?

ДАМІЦЭЛЯ

(учапіўшыся за Паланеіны валасы)

Ня будзеш ты болей гэтых каўтуноў насіць!

ПАЛАНЕЯ

Вылышу шэльму, як ліпку!

ТРАХІМ

(учапіўшыся за Паланею)

Пакінь, кумка, пакінь! Ці табе справіцца з гэтай язычніцай? Яна ж мяне ўжо да паўсьмерці загрызла.

МАКСІМ

(адцягваючы Даміцэлю)

Ня турбуйцеся, кумка! Я сам ня дам ёй рады, а ня то што, каб ты… Балазе, што хоць мешалку кінула. (Разбароньваюць).

ПАЛАНЕЯ

(трасучы на Даміцэлю кулаком)

Я табе яшчэ ўпомнюся. Хіба я жыва ня буду!

ДАМІЦЭЛЯ

(таксама)

Пазнаеш ты ў мяне, дзе ракі зімуюць!

ТРАХІМ

(да Максіма)

А ты і тут ня вытрываў, каб за маю не ўчапіцца?

МАКСІМ

А ты чаго першы, схапіўшы ўпол, маю цягнуў? Га?!

ТРАХІМ

(трасучы кулаком)

Паткніся ты толькі другі раз — дам паранкі!

МАКСІМ

(таксама)

Папробуй, кацэрнік, палезь — спушчу юху!

ТРАХІМ

(прыступаючы)

А ну, хоць крані?!

МАКСІМ

(таксама)

Паткніся?!

ТРАХІМ

(шчапіўшыся за грудзі з Максімам)

Крані хоць пальцам, дык з зямлёю зьмяшаю!

МАКСІМ

Хоць толькі замахніся, дык на блін зьляплю!

ПАЛАНЕЯ

(схапіўшы мешалку і замахваючыся на Трахіма)

Гэта ты, кум, усяму прычынай!

ДАМІЦЭЛЯ

(таксама замахваючыся на Максіма)

Гэта ты, кум, нарабіў гэтакай калатухі!

МАЦЕЙКА

(адцягваючы Даміцэлю)

Цётка! Ня бі майго тату!

КАЦЯРЫНКА

(адцягваючы Паланею)

Цётка! Не чапай таты!

ПАЛАНЕЯ І ДАМІЦЭЛЯ

(у вадзін голас)

Гвалт! Ратуйце! Забіваюць!

ЗЬЯВА VІІІ

ТЫЯ-Ж — ВУРАДНІК — СОЦКІ. ПАСЬЛЯ СЯЛЯНЕ — СЯЛЯНКІ

СОЦКІ

Гэта што за разбой сярод белага дня, ды яшчэ ў сьвята.

УСЕ

(кінуўшы калатню, бабы толькі трымаюць мешалкі, як посах)

Мы нічога! Мы так сабе!..

ВУРАДНІК

А гвалт гэты хто спраўляў? А мешалкі гэтыя нашто ў руках?

ПАЛАНЕЯ

Гэта я свайго бараніла.

ДАМІЦЭЛЯ

А я свайго не папускала ў крыўду!

МАЦЕЙКА

Ваша бродзіе! Мой тата і яе (паказвае на КАЦЯРЫНКУ) тата мелі гонар біцца за нашых мамак.

МАКСІМ

(паказваючы на Трахіма)

Гэты гад сягоньня ў маёй хаце начаваў.

ТРАХІМ

(паказваючы на Максіма)

Гэта сухая пятніца ўсю ноч сваёй асобай маю хату паганіў.

ПАЛАНЕЯ

(паказваючы на Даміцэлю)

Гэта мокрая серада майму мазгі закруціла, і ён, ня тут гаворачы, у яе хаце начаваў.

ДАМІЦЭЛЯ

(паказваючы на Паланею)

Гэта ветраніца майму вочы пылам засыпала, і той, ня тут успамінаючы, у яе хату папаў.

ВУРАДНІК

Нічога не панімаю!

УСЕ

І мы нічога не разумеем!

МАЦЕЙКА

Рассудзеце, ваша бродзіе, усіх, і ўсё тут будзе.

УСЕ

Рассудзеце! Рассудзеце! Не разумеем!

СОЦКІ

Я, ваша бродзіе, панімаю!

УСЕ

Ну?

ВУРАДНІК

Дык як дзела абстаіць?

СОЦКІ

А так, ваша бродзіе: учора пад вечар Трахім і Максім выпівалі…

МАКСІМ

(паказваючы на Трахіма)

Ён болей, ваша бродзіе.

ТРАХІМ

(паказваючы на Максіма)

Каб ён толькі дыхаў! Я з чарачку можа выпіў, а ён усё вытрубіў.

ПАЛАНЕЯ

Каб не Трахім, то мой і ніколі-б ня піў.

ДАМІЦЭЛЯ

Мой-жа бы ніколі і не панюхаў, каб ня гэты зьвядзісьвет, Максім яе!

МАЦЕЙКА

Мой татка і яе (паказвае на КАЦЯРЫНКУ) татка п‘юць гладка — лепей яшчэ, як мы з вамі, ваша бродзіе!

ВУРАДНІК

Маўчыце ўжо вы! Хай адзін гавора!

СОЦКІ

Дык, значыцца, яны выпівалі і выпівалі. Пасьля я йду вуліцай, дык яны й мяне паклікалі.

ВУРАДНІК

І цябе?

СОЦКІ

Але, ваша бродзіе. Я — чалавек падатлівай натуры, ды, у суседзтве жывучы, мусіш з усім гадзіцца. Ну, значыцца, мы… яны выпівалі і выпівалі — а ўжо і ноч падышла. Тады сталі, значыцца, яны хваліцца, у каго жонка горшая. Максім кажа, што ў яго горшая…

МАКСІМ

Праўда, ваша бродзіе!

СОЦКІ

А Трахім кажа, што яго горшая!

ТРАХІМ

Так, так! Такі-ж горшая!

СОЦКІ

Тады, значыцца, мы… яны выпівалі і выпівалі…

ВУРАДНІК

Годзе табе ўжо гэтага — выпівалі!

СОЦКІ

Слухаю, ваша бродзіе! Значыцца, яны вып… тады яны ў такую спрэчку залезьлі, што аж я мусіў мірыць іх, і вып… і… і пасьля таго Максім кажа Трахіму, а Трахім — Максіму: памяняймася жонкамі, калі мая — кажа адзін — для цябе лепшая, а калі мая — кажа другі — для цябе лепшая! Гэта, значыцца, вазьмі яны, такім парадкам, і памяняй жонкі, як, ня пры вас кажучы, ваша бродзіе, цыганы кабыл. Значыцца, памяняўшы, тады ізноў вып… Ня вытрымаю, ваша бродзіе. Максім купіў яшчэ прыдатку поўкварты за сваю, а Трахім поўкварты за сваю, тады вып… тады кажа Максім Трахіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. Трахім кажа Максіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. І, значыцца, яшчэ вып… пацалаваліся і пайшлі, барануючы нагамі. А Максім прыпяваў забароненую песьню: „Ой, ты, мая гарэліца, ой ты, весялушка!“ І Трахім пацягваў таксама забароненыя прыпеўкі: „Курыць, веець мяцеліца!“ А далей нічога я ня ведаю. Толькі — гэты гвалт… ды мы разам з вамі, ваша бродзіе, пачулі, ідучы вуліцай, і сюды зайшлі.

ВУРАДНІК

Ну, што вы скажаце на гэта?

УСЕ

Нічога, ваша бродзіе!

МАЦЕЙКА

Ваша бродзіе! Ды тут усё ясна: мой тата прыстаў у прымы (паказваючы на КАЦЯРЫНКУ) да яе мамкі, а яе тата да маёй мамкі…

СОЦКІ

(паказваючы на Кацярынку)

А ты можа, верхалоз, хацеў-бы да яе ў прымы?

ВУРАДНІК

Ну, што, прымакі? Можа так і астаніцёся ў прымах?

МАКСІМ

Хай мяне бог крые! Усё роўна, як відаць, няма жонак на сьвеце бяз мешалак.

ТРАХІМ

Не хачу, ваша бродзіе! Мая цнотка добрая, а яго то мусіць і маю перагнала.

ПАЛАНЕЯ

Чымся з яе п‘яніцай век гараваць, дык лепш хай свой чалавек трэзвы астаецца.

ДАМІЦЭЛЯ

Які ён ёсьць стары, а ўсё такі ня тое, што новы.

МАКСІМ

Каб не Трахім, то нічога-б гэтага і ня было.

ТРАХІМ

Каб ня гэты Максім, то ўсё добра-б скончылася.

ПАЛАНЕЯ

Каб гэта шэльма, Даміцэля, хвастом ня круціла, дык мой ніколі-б мяне не мяняў.

ДАМІЦЭЛЯ

Каб яна, гэта ахмістрыня, бельмачамі за маім не сачыла, ён-жа б ніколі да яе ў прымы не пайшоў.

МАЦЕЙКА

Каб, ваша бродзіе, мой татка і яе (паказвае на КАЦЯРЫНКУ) татка гарэлкі ня пілі, дык і мамак ня пускалі-б у гандаль.

ВУРАДНІК

Ну, дык, павашаму, хто тут вінават?

УСЕ

Усе, ваша бродзіе!

МАЦЕЙКА

І манаполька!

ВУРАДНІК

Як я ўважаю, то гэтыя вашыя прымы падходзяць пад стацьцю, што судзіць за незаконную зьдзелку. Памірэцеся лепей, каб не дайшло дзела да суду!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Яно-ж можна!

ВУРАДНІК

А каб мір мацнейшы быў, дык пацалуйцеся!

УСЕ

І гэта можна, ваша бродзіе! (Бабы цалуюцца між сабой, пасьля — мужы з жонкамі).

МАЦЕЙКА

Пазвольце, ваша бродзіе, і мне памірыцца з ёй! (Паказвае на КАЦЯРЫНКУ).

ВУРАДНІК

Што? і Ты ў прымы да яе прыставаў?


МАЦЕЙКА

Ды не яшчэ! Але мы хочам наперад з ёй памірыцца!

ВУРАДНІК

Гэтага вы пытайцеся ў бацькоў сваіх: я ў такіх справах ня судзьдзя.

МАЦЕЙКА

(зьвяртаючыся да Трахіма)

Дзядзечка! Можна мне з ёй так, як вы з цёткай, памірыцца?

ТРАХІМ

Бач ты яго! чаго яму зажадалася? А не гуляў-жа сягоньня без майго пазваленьня з ёй у цыганку? Дык вось пытайся затое свайго бацькі!

КАЦЯРЫНКА

(да Максіма, паказваючы на сябе і на Мацейку)

Пазвольце, дзядзечка, мне да яго, а яму да мяне ў прымы пайсьці!..

МАКСІМ

(да вурадніка)

А гэткія прымы, ваша бродзіе, ня будуць незаконнай зьдзелкай?

ВУРАДНІК

Здаецца, што не?

МАКСІМ І ТРАХІМ

(да Мацейкі і Кацярынкі)

Ну, дык мірэцеся! што з вамі зробіш?

(МАЦЕЙКА і КАЦЯРЫНКА цалуюцца)

ТРАХІМ

А цяпер давайце гуляць іх прымацкія заручыны, а нашы — прымацкія разлучыны!

УСЕ

Давайце! Давайце!


МАКСІМ

(да Мацейкі)

Рэж, сынок!

ГОЛАС

(з прысутных)

Я буду іграць, а ён няхай скача свае заручыны.

Пачынаецца гульня, у якой найбольш выдзяляецца МАЦЕЙКА з КАЦЯРЫНКАЙ. Танцуюць Лявоніху, Мяцеліцу, Мікіту і іншыя танцы. Хор пяе „Ой, ты, мая гарэліца!“, „Дуду-весялуху“ і іншыя. У часе самага разгару гульні апускаецца

ЗАСЛОНА.

31-XІІ-1913 г.