Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Памяці Вінцука Марцінкевіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З мінуўшых дзён Памяці Вінцука Марцінкевіча
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Памяці Мар‘і Канапніцкай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Вінцука Марцінкевіча.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шмат лет ня ручыла нам доля,
Крывымі вяла пуцінамі,
Ня маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.

Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Ня раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо — ня мы і ня людзі.

З нас самых і з гутаркі нашай
І свой, і чужынец стаў кпіці.
Ўсё роднае стала няродным,
Прост, хоць і на сьвеце ня жыці.

Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер нас зводзіў і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў бог
І нам на сваім быць кірмашы.

Нябожчык Вінцук Марцінкевіч
Ня сьцерпіў такой нашай мукі, —
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён,
Дуду беларускую ў рукі.

І песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста, як з неба,
Дажынкі“, „Гапон“, „Вечарніцы“.

Як стораж, стаў сьмела на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць пасвойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоньня.

А кемкую меў ён натуру, —
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.

Калі засьмяецца бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі-ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты з сьлязою жаніся.

Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае,
І вечна канца ёй ня будзе.

Чвэрць веку, як бае ўжо недзе
Сьвятым беларускія песьні,
А быццам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесьні.

Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.