Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Над Іматрай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над Сьвіслачай Над Іматрай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Вёска
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Іматрай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД ІМАТРАЙ

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.

Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,
На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны бераг, як з сталі,
І зарасьнік хвойны маўчыць.

Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
Адна адну схопіць, піргне.

Адна з аднэй рынуцца ў глыб, як магілу,
Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,
Зноў выскачаць к небу гарой.

Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім Дантаўскім процьмам на зьдзіў,
І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
Плывуць паміж пустак і ніў.

Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышуць прастор;
Свабодай сваёю і роднай Суомі[1]
Сягнуць быццам хочуць да зор.

Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
І сэрца лялеіцца ў сьцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай
Ды як-бы ўсё клічуць цябе:
„Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце,
„Спачын векавечны дамо ў забыцьці;
„Нязьведанай воляю будзем шумеці
„І гутарку з сонцам вясьці.

„Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі
„Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
„Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
„І песьню нам зложыць пясьняр“.

Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
Іматрай завуць вадаспад.
Imatra 20/IV—1910.



  1. Суомі — Фінляндыя — бацькаўшчына фінаў.