Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/З асеньніх напеваў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На склоне лета З асеньніх напеваў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: З асеньніх напеваў (Кончыцца лета гарачае…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З АСЕНЬНІХ НАПЕВАЎ

1

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля—раздольле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожжам ня хваліцца поле.

Косы ня сьвішчуць сталёвыя
Ў соннай траве сенажацяй,
Серп на вайну ня йдзе з коласам,
Песень, і тых ня чуваці.

Сонна адна-адзінокаю
Груша стаіць над мяжою, —
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асеньняй нудою.

Неба штодзень пахмурнейшае,
Сонца штодзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.

Вецер заводзіць у коміне,
Быццам жыцьцё сваё ганіць;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.

Так і ўцякаў-бы ад гэтага
Там гэт! За горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваёй долі навекі.

2

Сьцелюцца цэлы дзень росы,
Вечны цень сьпіць на зямлі,
Бледныя сонцавы косы
Выглянуць рэдка калі.

Здаля даносяцца шумы,
Ў коміне шумы пяюць;
Ціснуцца буднія думы,
Сноў забыцьця не даюць.

Нейкая зводная сіла
З выглядам вечна старым
Вабіць здалёку магілай,
Крыжам міргае сваім.

3

Змоўклі лісьцястыя шэлесты,
Гальлі худыя тырчаць,
Мёртвыя дзе-ні-дзе верасты
Зеленяй зводнай блішчаць.

Цягнуцца дрэвы расхутаны
К небу з балотных нізін, —
Корань, у жвіры заблутаны,
Не адпускае галін,

Рогат зьвярыны пакоціцца
Дзікім жаданьнем бяз слоў, —
Пушча замрэ, закалоціцца,
К воблакам цягнецца зноў.

4

З гальных ліп і бяроз
Лісты валяцца,
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.

Шапацяць, шалясьцяць
Залацістыя,
Веткі ў неба глядзяць
Пусталістыя.

Дачакаўшы вясны,
Зноў ажыўляцца;
Не паўстануць лісты,
Што асыплюцца.

5

Неба поўна сівых хмараў,
Сьвет палошча дождж сьцюдзёны,
Чорнай кучай на папары
Чахнуць каўкі і вароны.

Сонца ўжо ніхто ня бача,
Вецер вые, завывае,
Восень стогне, восень плача,
Думы сумам спавівае.

Ў маёй хаце у пахілай —
І ня цёпла, і ня відна,
Выглядае, як магіла,
Выглядае неяк крыўдна.

І ў душы, хоць плач, як нудна,
Гэтак цёмна, як і ў хаце;
Ой, як нудна! Сказаць трудна…
Галасіў-бы, слаў пракляцьці.

Галасіў-бы, як галосе
Вецер гэты, восень гэта,
Каб аж рэха разьляглося,
Гэт, на цэлае поўсьвета!

Каб ляцела, ня сьціхала
Па шырокаму па полі,
І ўсім чыста апявала
Маю горкую нядолю.

6

У думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца;
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.

Неба пакрылася
Мглою, туманамі,
Галкі узносяцца
Па-над курганамі.

ы са г

Поле шырокае
Пусткай абселася,
Дуброва шумная
З лісьцяў разьдзелася.

Імжыць сьцюдзёністы
Дождж над зямелькаю,
Сьвет пакрываючы
Жаласьцю нейкаю.

Людзі у курныя
Хаткі пакрыліся, —
Радасьць мінулася,
Песьні забыліся.

Бабка старэнькая,
Зможана мукамі,
Казкі даўнейшыя
Шэпча з унукамі.

Віхар у коміне
Жудка заносіцца,
То як-бы жаліцца,
То ў хату просіцца.

Ў думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.