Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Зіма

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Восень Зіма
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Сьнег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зіма (Было цёпла. У ваконцы…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМА

Было цёпла. У ваконцы
Заглядала ясна сонца.
Аж, ні села і ні пала,
Зіма з сьнегам загуляла!

Усю нашую старонку
Спавіла, як у пялёнку, —
Няма траўкі, няма кветак,
Пуста гэтак, мёртва гэтак!

Сьціхла рэчка, як забіта,
Пад шкляною лёду плітай;
Лес пашумам не гамоніць,
Птушак песьнямі ня звоніць.

Век халодны без адмены,
Мароз стукае у сьцены,
А ад сьнегу днём і ночай
Іскры сыплюцца у вочы.

Скрыпяць санкі на марозе
Па высьлізганай дарозе…
Эй, каб шчаснай больш часінкі,
Вось-бы зьлётаў да дзяўчынкі!..