Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Бор

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лес Бор
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Воўк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бор (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БОР

Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
З небам вядзе патайны разгавор.

Глуха нясуцца вольныя шумы,
Веткі касматыя гнуцца, трашчаць;
Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы,
Хочацца пушчу падслухаць, паняць.

Што ты, аб чым ты, бор неспакойны,
Гэткую гутарку ў шуме завёў?
Ці сваёй доляй ты недавольны,
Ці што ня так ты на сьвеце знашоў?

Можа ты ўбачыў сьлёзы нядолі?
Можа дзяцей тваіх недруг пацяў?
Можа пачуў ты звон путаў няволі?
Можа няшчасных жыцьцё ты паняў?

А можа вецер, што скрозь гуляе,
Што-небудзь новае збаяў табе?..
Эй, гавары ты, пушча глухая!
Слухаць прышоў я здалёку цябе.

Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
З небам ён толькі вядзе разгавор!