Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Я хацеў-бы…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жняя Я хацеў-бы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Мая жонка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я хацеў бы… (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ХАЦЕЎ-БЫ…

Насьледваньне з Асныка

Я хацеў-бы душу адшукаці такую
І такое хацеў-бы я сэрца знайсьці,
Што са мной праз жыцьцёвую сьцежку блудную
Захацела-б супольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў-бы я мець прад сабою, —
Як у ясныя зоры, ў якія-б глядзеў
І забыўся-б, што ходзіць маркотнасьць за мною,
І забыўся-б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў-бы, што мне-б саладзілі
Пацалункамі горкую долю маю,
Што з-пад сэрца, з душы галасок-бы здабылі,
І ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю:
Я хацеў-бы знайсьці ручак беленькіх двое,
Што к сабе прыгарнулі-б, пясьцілі мяне,
Памаглі-б мне змагаціся з чорнай нудою,
А па сьмерці павекі закрылі-бы мне.
Я хацеў-бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцам чыстым якую-б усякай часінкай
Я любіў-бы, туліў і служыў-бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
І аднэй, што мяне-б зразумела, душы…
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.