Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Мая дзяўчынка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Людка Мая дзяўчынка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Жняя
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая дзяўчынка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ДЗЯЎЧЫНКА

У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, —
Каласісты вянок жыта —
Коска жычкаю павіта;

Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзьве пралескі — яе вочкі,
Ці два ў збожжы васілёчкі;

Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цьвету-рожы ля ваконца;
Яе губкі — не калінкі, —
Проста сьпелыя малінкі!

Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты з незабудкі —
Маладыя яе грудкі;

Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны:
Ручкі — хто зраўняўся з імі!
Так і шчасьце не абыме;

Сэрца… Ўсюды за ім пойдзеш,
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш…
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.