Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Суды

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад крыжам Суды
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
З кутка жаданьняў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Суды.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУДЫ

На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы з белых грудзей,
І судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.

Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку—мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.

Прыгавор прачыталі над беднаю,
Ня спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…

З плеч зрывалі уборы злацістыя,
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.

Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.

Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек,

З лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
Насустрэчу крыжом і капцом,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сыном.

К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-сьвету калі-ні-калі;
Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё-ж крыўды яе не змаглі.

Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.