На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Толькі птушка-арол дзе садзіца,
Там збудую, ўзьвяду, нізі ўсёй на віду,
Мураваную вежу-званіцу.
І завешу я звон, з усіх чутны старон —
Раўня голас і віхру і грому.
Як пушчу яго ў ход, склічу ў міг карагод,
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,
Душы збудзіць, па сэрцах удара,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
На мой кліч вечавы хто жывы, чуць жывы,
Пад гарою касой загамоне.
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
На прывольле, на ўродныя гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязьлічаны час па нягодах папас
Усім тым, што цярпяць і цярпелі.
Гэткі будзе мой кліч — і магуч і вялік,
А ня трапіць ён к душам прыспаным —
Вызву гром, пяруны — хай памогуць яны
Развагніць, затрасьці ўсе паляны.
Стогне бура, грымот. Я свой звон ход у ход
Размахну, як ніхто і ніколі;
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам.
Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
А навокал гары задымяць сьцежары,
Груганамі ўскалышуцца вербы…
.............. І вясна, і зіма. Быў званар — і няма.
Ціха, ціха на белым прасторы.
Толькі жыў няжывы звону гул вечавы,
Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.
Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
Помніць звон, а сястрыца — званіцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Казкі-байкі ліюцца крыніцай.
Як у прошчу па лек, стане йсьці чалавек
К мохам высланай крушні каменьня, —
Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок —
Будуць несьці падмогу ў цярпеньні.
Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
Сьпіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет
Адно толькі на зломе ўзрастае!
1909 г.
|