Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Мая доля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Холадна… Мая доля
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Прыстаў я жыць…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая доля (Што дасі заўтра, доля зьмянлівая…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ДОЛЯ

Што дасі заўтра, доля зьмянлівая,
Спадзяюся пацехі я мала;
Адно знаю, што ўсё нешчасьлівае
Ты мне толькі дагэтуль давала.

Сіратой па чужых кутох кідала
І нудою мне грудзі сушыла;
Ня раз так мне была ты абрыдала,
Што ўсьміхалася шчасьцем магіла.

Ты калі мне ў вачох разьясьнялася,
Сэрца білася верай, надзеяй,
Хоць нязванаю зьнекуль зьяўлялася,
І тады адны сьлёзы я сеяў.

Ты шумела мне песьні магільныя,
Як мяцеліца дзікая ў полі;
Ты нясла мне усё няпрыхільнае…
Эх, ня знаць-бы цябе мне ніколі!

Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,
А зіма і слата гадавалі,
Ад няволі ты мучыць наўчылася,
А пасьля мне багі цябе далі…