Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою…
Шумам пальлеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышыш спакоем…
Дзе-ні-дзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…
Як-бы ня так ўжо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім ня мінулі,
Толькі… мінулі бяздольных.
...........
Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, ня ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
Вечнага сну ня пужайся.
Прыдзе вясна, распусьцяцца лозы…
Ты ўжо ў пасьцелі зялёнай…
Сьпі, мой гаротнік, годзе ліць сьлёзы,
Біці нягодам паклоны…
Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Згнаньнік