Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Дзе?..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыстаў я жыць… Дзе?..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Да моладасьці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе?..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ?..

Дзе ты, хатка, дзе сялібка,
Родны мой куточак,
Што мне даў-бы скаратаці
Рэшту дзён і ночак?

Дзе загон зямелькі чорнай,
Дарагая ніва?
Што дала-б мне нацяшацца
З залатога жніва?

Дзе ты, конік мой, буланчык,
Хто цябе дзе спасьціў,
Што павёз-бы, што памчаў-бы
Ў сьвет, за лес, па шчасьце?..

Дзе прыяцелі, дружочкі,
Родныя, чужыя,
Што мне-б крыўдай ня сушылі
Леты маладыя?

Дзе ты, любая дзяўчынка,
Роўная цьвяточку,
Што мне зачыніла-б вочы
У вапошню ночку?..

Што было, што не, — сплыло ўсё,
Як вадзіца ў мора,
Засталіся толькі думкі
На бяду, на гора.

Засталіся толькі песьні,
Ды што з імі будзе:
Доля смуткам аплятае,
Сьмехам бэсьцяць людзі.