Я не поэта, о крый мяне божа!
Ня рвуся я к славе гэткай німала.
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі — Янка Купала.
Славу поэтаў разносяць па сьвеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я-ж ціха йграю, хто-ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама з вёскі — Янка Купала!
Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсьць для народу ўпадак і хвала,
А беларусы нікога-ж ня маюць,
Няхай-жа хоць будзе Янка Купала.
Доляй убогі, ён ціхі, нясьмелы,
Бяда, яго маці, узгадавала,
Сьлёзы пагарды п‘е толькі век цэлы,
От, ведама, просты Янка Купала.
Песьні пачаў пець тэй мовай убогай,
Якой пагарджаюць горка, нядбала,
Пэўна і песьняў шчураюцца многа,
От, ведама, здумаў Янка Купала.
Шчасьце так рэдка над сьветам усходзе;
Ўсё-ж досыць бывае меці хоць мала, —
Долю каб бачыў у родным народзе,
А быў-бы шчасьлівы Янка Купала.
Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле,
Сьмерць скосе, глядзі і больш крыжам стала;
Нехта спытае: хто ў гэтай магіле?
А напіс пакажа: Янка Купала.
|