З неспакоем думкі роем
Верцяцца ў душы,
На сьвет божы, сьвет прыгожы
Рвешся ўвесь з глушы.
За высь гораў, за цьму бораў,
Там за рэчкі шум,
Мкнуў-бы птушкай-весялушкай
За палётам дум.
Сэрца б‘ецца, к жыцьцю рвецца,
К нейкім сьветлым снам;
Гэй, ты, гора! скора-ж, скора
Цябе ў брак я здам?
К долі, к волі, гэт, па полі,
Як леў, пабягу;
Спаці, ждаці ў курнай хаце
Ўжо больш не магу.
Сьвет вялікі, песьні, крыкі
Мкнуць з усіх старон;
Звоніць штосьці, — к славе ў госьці
Кліча гэты звон.
Ідуць людзі, ў крыві грудзі,
Паходні ў руках,
Няма ночаў, жарам вочы
Зьзяюць, ажна страх!
Са сну будзяць, душу пудзяць
Надзеяй старой,
Узьнімаюць, зазываюць,
Гэй, на нейкі бой!
Думкі ходзяць, чымсьці зводзяць,
Тым, што долю дасьць…
Згіне гора, і сьлёз мора, —
Ня вечна напасьць!
Пакірую думкі ў тую
Старонку свае,
Скуль з прасьветам мне прыветам
Праўда запяе.
Далей, вышай памкну гыжа:
Ўжо праложан сьлед;
Трудна, маці, ў курнай хаце, —
Паляту у сьвет!
|