Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Дзе ня выляці з няволі…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З прасоньня Дзе ня выляці з няволі…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Ах, ці доўга…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе ні вылеці з няволі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ НЯ ВЫЛЯЦІ З НЯВОЛІ…

Дзе ня выляці з няволі,
Ад пачатку да канчатку
Ўсюды ўбачыш сваё поле,
Ўсюды ўбачыш сваю хатку.

Ўсюды ўбачыш чалавека,
Што цямнотай цябе разіць,
З сьлязой вечнай пад павекай,
Вечна ў лапцях і сярмязе.

Хоць-жа сэрца, што за сэрца!
Лганьня, хцівасьці ня знае,
Жывучы-ж у паняверцы
Толькі гора к збыцьцю мае.

Горам чорным, ой, багата
Надарыла люд наш доля;
Гора ў хаце і за хатай,
Гора ў полі і за полем.

Вецер хаткаю калоце
І па шчылінах галосіць,
Гаспадар зьлёг ад калоцьця,
З дзяцьмі жонка есьці просіць.

Пустка ў сьвірні і ў вадрынцы,
Сьвінка хоча штось здыхаці,
Вые сучка на дзядзінцы —
Памрэ нехта ў гэтай хаце.

А у полі на загонах
Аруць віхры, барануюць,
Хутка, дружна, не натужна
Шнуры вузкія руйнуюць.

Далей — паркай сытай шпарка
Праляцеў пан у карэце,
А за ім паштовай паркай
Прэ чыноўнік на расьсьвеце.

А на пустцы апаўночы
Ведзьмы, чэрці пяюць, граюць,
То сьмяюцца, то рагочуць,
Знахароў-вужоў склікаюць.

І ўсё гэта, хэўра гэта:
Ветры, віхры і сабакі,
Ведзьмы, чэрці з таго сьвету,
Пан, чыноўнік, ваўкалакі —

Ўсе навыперадкі пруцца,
Гікам, сьмехам чартаўскімі
Заліліся і нясуцца,
Аж зямля стогне пад імі.

А за імі, нібы хмара,
Йдзе мужыцкае ўсьлед гора,
Праз пасевы, праз папары,
Так сягоньня, як учора.

І мужык — пан у старонцы —
Гора гэта вечна бача,
Бача, што толькі ў карчомцы
І ў магіле ён ня плача.