Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Завітаў Пятрок…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пятровы час Завітаў Пятрок…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Ночка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Завітаў Пятрок…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАВІТАЎ ПЯТРОК…

Завітаў Пятрок
К табе, мужычок,
Ты ў шапку ня сьпі,
Коску, знай, кляпі
І вастры, вастры!

Кінуўшы кляпаць,
Ідзі сенажаць
Абкладаць касой,
З расой — не з расой,
З зары да зары.

Жонцы ўзяць сярпок
Гукні, мужычок,
Хай ідзе, бяжыць,
Дзе твой скарб ляжыць,
Дзе з дабром шнуры;

Там хай сноп-у-сноп
Звале многа коп
Серп, рука яе;
Хай жне, хай пяе
З зары да зары.

Лі ты з жонкай пот
За нядолі звод;
Працуй за пяцёх,
Зьбірай, што даў бог,
Карыстай з пары.

Хто улетку з нас
Ня робе ў запас,
Эх, будзе зімой
Бедаваці той
З зары да зары!