Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Як і калісь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясною Як і калісь
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Будзь цьвёрдым
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як і калісь.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК І КАЛІСЬ

Быў малы я, думаў часта,
Як дадуць мне чосу:
„Пачакайце, і на вас я
Прыпасу атосу!

Дайце толькі акрыяць мне,
У гадкі вабрацца!“
А пакуль што ўсім старэйшым
Мусіў пакарацца.

Я тымчасам падрастаю.
Аддалі вучыцца.
Не дагодзіш настаўніку,
І пачне сварыцца!

Але добра, калі сваркай
Сойдзе завіруха,
Ды ў тым гора, што настаўнік
Часта трос за вуха.

„Ну, пастой-жа! жыў ня буду,
А за тыя зьдзекі
Не дарую, толькі-б вышаў
З-пад твае апекі!

Так за лаўкаю памысьліш,
Ўзяўшы вуха ў жменю,
І цішком кулак сьціскаеш,
Сунуўшы ў кішэню,

Ды цярпіш ды зносіш крыўды,
Помсты час жадаеш.
Час ідзе, ў залежнасьць — ліха
Болей пападаеш.

Вось я вырас, і пад носам
Вусы высядаюць,
А мяне навокал чубяць,
Клёваюць, ўсчуваюць.

Накіпела ў сэрцы гневу,
Злосьці поўны косьці.
Ня стрываў я, разгарнуўся —
Я-ж вам, ягамосьці!

Пачакайце-ж, калі гэтак!
То-ж я ня кусаўся!
Годзі крыўды! досыць зьдзеку!
Ўзяў ды ўзбунтаваўся

Супраць ўлады і парадкаў!
А то-ж я уломак?
Хай сабе на погляд шчуплы
І ня так-та ёмак.

Ускіпела тая ўлада —
Гоняць у тры шыі.
„Ведай, гад, па чым хунт ліха!
Помні — ты ў Расіі!“

Трэсьлі, трэслі, калацілі, —
З жалю хоць разьбіся.
Ды ў астрог нарэшце садзяць —
Там, моў схамяніся.

Вось за кратамі сяджу я,
Горш мяне ўсчуваюць,
З аднэй камэры ў другую
З сяньніком ганяюць.

Я іду, куды мне кажуць,
Ды бубню сам сьціхла.
„Пачакайце! адсяджу я,
Перабуду ліха!“

Ценем крыўда йдзе за мною
Аж да сёй часіны,
Кулак згорнуты ў кішэні,
Як і ў дні дзяціны.

І даюць мне, як і колісь
Запраўскую чосу.
Што рабіць у век патомкаў
Зашпурнуць атосу?

1912 г.