Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Сьвіная філёзофія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьвіньні пад дубамі Сьвіная філёзофія
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Братом Зах. Бел.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьвіная філязофія.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬВІНАЯ ФІЛЁЗОФІЯ

— Суседка, Чушачка мая!
Што ад Рубашкі чула я!
Вось ліханька яму,
Лісту Дубоваму таму!
І ўсё-ж ён, гад, як ёсьць
Пра вашу мосьць
І пра мяне і пра другіх расьпісвае ў газэце!
Як цяжка жыць на сьвеце!
Зьвярыны шовінізм, зьвярыная і злосьць,
Ну, толькі-б падкусіць, псякроў яго, псякосьць!
Падумайце, як блазьнец:
Тутэйшасьць нашую асьмейвае ў канец!
Шуміць, як той званец,
Што вяне летам у пракосе.
Такую прыкрасьць слухаць давялося!
Прывёў мяне ў такое абурэньне!..
Напішам хіба абвяржэньне?
— Суседка, мілая кума!
Такіх лістоў дубовых — цьма.
Калі зважаць на ўсю іх плявузготу,
То лепей ногі выпрастаць адразу каля плоту.
Але сьвіньня, сапраўдная сьвіньня,
Ёсьць перш за ўсё сур‘ёзная жывёла.
Хватай кусок з-пад самага падолу
І не зважай на крыкі вараньня —
Філёзафам глядзі ты навакола,
І віду не кажы, што пішуць аб табе
І возяць палкаю па сьвінскаму гарбе —
Свіньня павінна быць сьвіньнёю.
Хай лаюць, штурхаюць, таўкуць, —
Ёй гэта не абходзіць ані чуць —
Абы па галаве ня стукнулі даўбнёю.

1926 г.