Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/На чужыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На рэчцы На чужыне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Поле
Іншыя публікацыі гэтага твора: На чужыне (Край далёкі, край чужэнькі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЧУЖЫНЕ

Край далёкі, край чужэнькі
Каля гор Урала!
Ты зжыла век маладзенькі,
Сьмерць тут напаткала.

Хто-ж пакажа матцы роднай,
Бежанцы пахілай,
Крыж над ямаю халоднай,
Доччынай магілай?

Хто раскажа, як ты млела,
Як душой знывала,
Як на сьвеце жыць хацела,
Бо жыла ты мала?

Рвалась сэрца к родным гоням
Птушкай лёгкакрылай,
К сьветлым рэчкам, ціхім тоням
Белай Русі мілай.

Толькі-ж выпаў не па сіле
Крыж табе, дзяўчына,
І ўлажыла спаць ў магіле
Жорсткая чужына.

І нікому невядомы
Будзе лёс твой горкі,
І ня ўчуюць сьпеў знаёмы
Родныя пагоркі.

Ты сканала, і разрухі
Больш ня будзеш бачыць.
Хай хоць ветры-завірухі
Па табе паплачуць.

1916 г.