Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Ворагам (За што лілася кроў людзкая?..)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поле Ворагам
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Думкі салдата
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ворагам (За што лілася кроў людзкая?..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОРАГАМ

За што лілася кроў людзкая?
За што гібеў і гінуў люд?
Гібеў набытак ўсяго краю
І пакаленьняў гінуў труд?

І бег народ, бы ў час паморку,
Закрыўшы вочы, ў белы сьвет,
І толькі дым ўздымаўся горкі,
Крыжы азначвалі іх сьлед.

А колькі сьмертак дзетак мілых
На вашым сумленьні ляжыць?
Пануе ціш на іх магілах,
І край разбураны маўчыць.

І вы цяпер рукамі ката
Гатовы згоду дараваць?
Але ці можна у вас брата,
Скажэце, Каіны, прызнаць?

Вам не па сіле груз цяжэрны
Вайны, што самі вы ўзьнялі,
Зьнішчэньне, мах яе бязьмерны,
Згінота цяжкая зямлі!

Ня вы дасьце народам сьвята,
Ня вам пажар вайны заліць!
Дык руки прэч, забойцы, каты!
Ня вам аб згодзе гаварыць!

1916 г.